Вакол экватара – дваццаць пяць кругоў
Аб працы на чыгунцы Генадзь Булавацкі марыў з дзяцінства. Не раз назіраў за цягнікамі, якія з грукатам ішлі непадалёк ад яго роднай вёскі Каляюгі Пухавіцкага раёна. Хлопчык быў упэўнены: калі вырасце, абавязкова навучыцца кіраваць такімі вялізнымі машынамі.
І дзіцячыя мары спраўдзіліся. Скончыўшы Талькаўскую школу, Генадзь мэтанакіравана паступіў у чыгуначнае вучылішча ў Мінску, а праз тры гады памочнікам машыніста прыехаў працаваць у райцэнтр Асіповічы. Неўзабаве пайшоў у армію. Служба ў падраздзяленні спецыяльнага прызначэння дапамагала яму і ў далейшай працы ў мясцовым лакаматыўным дэпо. Яна навучыла заўсёды валодаць сабой, захоўваць яснасць мыслення нават у крытычнай сітуацыі, быць рашучым і адказваць за свае ўчынкі.
Кіраўніцтва прадпрыемства ацаніла прафесійныя і чалавечыя якасці Генадзя. Таму праз нейкі час ён прайшоў далейшую вучобу і стаў машыністам. Зараз водзіць як грузавыя, так і пасажырскія цягнікі. Акрамя цеплавозаў, можа кіраваць дызель-цягнікамі і электравозамі. У складзе лакаматыўнай брыгады працаваў з Сяргеем Зязюльчыкам, Дзмітрыем Алферчыкам ды іншымі калегамі. Працяглы час дзяліў кабіну з Уладзімірам Малыхіным, які, дарэчы, ужо і сам стаў машыністам. Паміж паплечнікамі ўсталяваліся трывалыя сяброўскія стасункі.
Машыніст з памочнікам павінны падтрымліваць цесны кантакт і на працы. Пільныя вочы таксама сочаць за прыборамі цягніка і рухам пасажыраў на платформе, якія часам паводзяць сябе зусім непрадказальна. Таму машыніст мусіць прадбачыць кожны іх небяспечны крок.
Надвор’е і напружаная шматгадзінная праца значна ўплываюць на самаадчуванне тых, хто кіруе цягнікамі. Летам, напрыклад, больш камфортна «руліць» уначы, а ў халодную палову года – наадварот, удзень. Каб не знізіць пільнасць падчас працяглых начных паездак, чыгуначнікі скарыстоўваюць разнастайныя «хітрыкі». За станам машыніста сочыць і спецыяльнае абсталяванне ў кабіне: калі той пачне засынаць, уключыцца сігнальная лямпа ці спецыяльны гудок, пасля якога спрацуе тармазная сістэма. Усё гэта зроблена дзеля бяспекі. На практыцы ж лакаматыўныя брыгады трымаюць сітуацыю пад кантролем і не дапускаюць, каб іх змарыў сон.
Генадзь Георгіевіч не раз пацвярджаў свой высокі клас падчас конкурсу «Лепшы па прафесіі», у якім займаў найвышэйшую прыступку сярод калег з Магілёўскага аддзялення. Узнагароджваўся каштоўным падарункам. А сёлета напярэдадні прафесійнага свята атрымаў ганаровы знак «За безаварыйны прабег на лакаматыве 1 000 000 км».
У сярэднім за працоўную змену машыніст Генадзь Булавацкі пераадольвае каля 200 км. За год – некалькі дзясяткаў тысяч. За 20 з лішкам гадоў і мільён набягае. Для параўнання: гэта 25 кругоў па экватары вакол Зямлі. Прычым ведаць «арганізм» і «характар» цягнікоў трэба дасканала, выконваючы ўсе існуючыя нормы і правілы. У гэтым дапамагае рэгулярная тэхнічная вучоба.
Нярэдка пасля напружанай змены мой суразмоўца падсілкоўваецца энергіяй падчас прагулак па лесе. Яшчэ любіць бавіць час з кнігай. Да чытання таксама заахвоціў дачку, якая сёлета скончыла школу і марыць стаць эканамістам. Ніхто з яго родных пакуль што не звязаны з чыгункай. Генадзь Георгіевіч перакананы, што такая сітуацыя яшчэ можа змяніцца. Чыгуначнік лічыць, што кожная прафесія добрая, калі ставіцца да яе з душой і стараннасцю.
Іна ЗАСКЕВІЧ