Декабрь
Вт
10
2024

Прызнанне таленту

Гран-пры штогадовага міжнароднага кірмашу рамёстваў «Бардзеёў-2016», які ў 665-ты раз адбыўся ў аднайменным славацкім горадзе, заваяваў народны фолк-мадэрн калектыў «Куццякі» асіповіцкага Дома культуры чыгуначнікаў. Дарэчы, гэта быў першы выступ калектыву на замежнай сцэне.

Шлях «Куццякоў» да поспеху распачаўся яшчэ ў 2000-м. У той час у клубе чыгуначнікаў станцыі Асіповічы стварыўся новы творчы калектыў. Напрамак дзейнасці, па задумцы заснавальніка Ігара Сімбірова, – папулярызацыя песенных традыцый і адраджэнне духоўнай культуры беларусаў. Аб’яднанне мінулага і сучаснасці, сугучча дуды і бас-гітары. Гэта канцэпцыя і знайшла адлюстраванне ў адзінай у сваім родзе назве, якую атрымала «немаўля».
16 гадоў – узрост па чалавечых мерках юны, але для творчага калектыву дастаткова салідны. За гэты час «Куццякі» заслужылі любоў слухача, шматразова ўзнагароджваліся дыпломамі абласных і раённых конкурсаў і фестываляў, сталі жаданымі гасцямі розных святаў.
Не аднойчы калектыў пацвердзіў высокае званне народнага. У чарговы раз у 2014 годзе – пад кіраўніцтвам Вольгі Струкавай і Алены Грышановіч, якія ўзначалілі яго ў лістападзе 2013-га.
Дарэчы, з’яўленне ў калектыве блізнят Алены і Вольгі, а пазней і іх малодшай сястры Крысціны Вікторчык стала падставай для жартаў: маўляў, у «Куццякі» зерне з аднаго коласа трапіла.
«Зярняткі» – народ разнашэрсны. Як па ўзросту – ім ад 18 да 36, так і па прафесіі: у ліку салістаў і памочнік складальніка цягнікоў Антон Драздоў, і гукааператар Дома культуры Уладзімір Доўгаль. Ёсць у калектыве і тыя, чыя праца ніяк не звязана з магістраллю, але з чыгуначнікамі яны выдатна «спеліся». Напрыклад, сямейная пара Шастаковых: Таццяна – індывідуальны прадпрымальнік, Сяргей – інжынер-тэхнолаг парфумерна-касметычнай фабрыкі «Сонца».
Сярод гасцей кірмашу рамёстваў было нямала тых, хто прыехаў у Бардзеёў з суседніх гарадоў не дзеля вядомых мінеральных ваннаў, а толькі каб пачуць невядомыя беларускія напевы. І ўсе без выключэння былі ўражаныя тым, што ў краіне, вядомай віртуознымі імправізацыямі старадаўніх песень і танцаў горцаў, дзе мясцовыя жыхары спяваюць, можна сказаць, з калыскі, менавіта беларусы сталі лепшымі сярод выканаўцаў народнай музыкі з Расіі, Украіны, Літвы, Аўстрыі, Германіі. Цяперашняя ўзнагарода для калектыву з Асіповічаў стала чарговым прызнаннем яго таленту.

Алена ЛЕПЛЯНІНА-КУБАР

Яндекс.Метрика