«Карагод» сяброў
Лепшыя аматарскія танцавальныя калектывы Беларускай магістралі сабраліся ў горадзе над Сожам, дзе праходзіў фестываль народнай творчасці «Свята харэаграфіі «Карагод».
Мерапрыемства прысвяцілі 105-годдзю з дня нараджэння народнага артыста БССР, ганаровага чыгуначніка, ганаровага жыхара Гомеля, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, легендарнага харэографа, рэжысёра, мастацкага кіраўніка першага ў Беларусі народнага ансамбля песні і танца Аляксандра Рыбальчанкі, а таксама Году культуры, які праходзіць у нашай краіне.
На фестываль прыехалі каля 250 танцораў з Мінска, Оршы, Магілёва, Віцебска, Лунінца, Брэста, Баранавічаў – былі прадстаўлены ўсе аддзяленні сталёвай магістралі. Пляцоўкай для фэсту па традыцыі стаў гомельскі Палац культуры чыгуначнікаў.
Свята ладзіцца не першы год. Аднак сёлета яго праграма мела пэўныя адметнасці. У прыватнасці, конкурсныя выступленні ўдзельнікаў перамяжоўваліся канцэртна-тэматычнымі блокамі «Патрыярх танца», падчас якіх дэманстраваліся гістарычныя матэрыялы: унікальныя архіўныя фотаздымкі і відэазапісы з жыцця легендарнага калектыву і яго кіраўніка. Дзякуючы ім гледачы даведаліся пра асноўныя этапы біяграфіі славутага харэографа. Творчая натура Рыбальчанкі праяўлялася ў розных сферах. Напрыклад, мала хто ведаў, што Аляксандр Аляксеевіч пісаў вершы. І ў гэты дзень са сцэны ўпершыню гучала яго паэзія. А ў холе Палаца культуры чыгуначнікаў, дзе праходзіла свята, былі выстаўлены яго карціны.
Даніну павагі мэтру аддалі і госці фестывалю. Сярод іх – народны ансамбль танца «Полесские зори» Белдзяржуніверсітэта транспарту, народны вакальны ансамбль «Гамяльчанка» (Гомельскага КСК), мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца сын мэтра Ігар Рыбальчанка. Ушанаваць памяць таленавітага харэографа прыйшлі і ветэраны, якія ў свой час займаліся ў калектыве Аляксандра Рыбальчанкі. Дзякуючы архіўным запісам яны зноў перажылі найбольш яскравыя моманты сваёй творчай кар’еры.
Удзельнікі фэсту падрыхтавалі надзвычай насычаную праграму: народна-сцэнічны танец, эстрадная класіка, сучасная харэаграфія, бальна-спартыўныя, усходнія, вулічныя танцы… Мастацтва Тэрпсіхоры (музы танца) было прадстаўлена бадай што ва ўсёй сваёй разнастайнасці.
Першымі гледачоў віталі творчыя калектывы Мінскага аддзялення. Узорны ансамбль танца «Ві-за-ві» з Оршы стварыў на сцэне па-сапраўднаму чароўную атмасферу. Дзяўчаты-царэўны і хлопцы-волаты быццам толькі што выйшлі з народных казак. Шыкоўныя стылізаваныя касцюмы толькі падмацоўвалі ўражанне.
З харэаграфічнымі традыцыямі нашых паўднёвых суседзяў пазнаё-мілі артысты народнага ансамбля танца «Маладзік». Іх нумар «Казачок» нагадваў гогалеўскія «Вечары на хутары…». Выдатны «Ірландскі стэп» прадэманстравалі юныя ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь – ансамбля эстраднага танца «Озорные огоньки».
Пашырыла харэаграфічную геаграфію на сцэне студыя індыйскага танца «Амрапалі». Дзяўчаты ў экзатычных касцюмах проста зачаравалі залу. А юныя выхаванцы ўзорнага ансамбля народнага танца «Цягнічок» надалі гледачам энергетычны зарад станоўчых эмоцый (нумар «Скакуха»). Моцным быў і фінал выступлення артыстаў сталічнага аддзялення: ўсе разам яны выканалі завадную «Лявоніху».
Далей, у адпаведнасці з праграмай, сваё майстэрства пра-дэманстравалі творчыя калектывы Баранавіцкага аддзялення. Тут былі і дынамічны «Джаз-фанк», і жыццярадасны «Каўбойскі танец», і чароўны «Усходні…». Аднак самым эфектным стаў нумар «Пад крыламі ночы». Касцюмы, музыка, харэаграфія – усё гэта разам наэлектрызавала залу, напоўніла трывогай, прадчуваннем нечага містычнага, невядомага, няўхільнага.
Варта адзначыць, што некаторыя артысты так засяроджваліся на сваім нумары, што часам пераставалі звяртаць увагу на гледачоў. А вось берасцейцы наадварот – прадэманстравалі выдатнае ўменне працаваць на публіку. Аддзяленне прадставіла толькі два нумары, але гэта былі сапраўды сур’ёзныя работы працягласцю па сем хвілін кожная. Так, народны ансамбль танца «Каралінка» прывёз «Паланэз і Мазур». Шляхцічы і шляхцянкі ў выбітных уборах перанеслі залу у панскі маёнтак, дзе гаспадар ладзіў баль: танцоры ажывілі гісторыю нашай Радзімы. Аднак найбольшыя эмоцыі ў гледачоў выклікала «Яўрэйская харэаграфічная сюіта» народнага ансамбля песні і танца «Брэстаўчанка». Яркія касцюмы, цудоўная харэаграфія, узорнае выкананне, тонкія псіхалагічныя моманты, гумар… Гэта той выпадак, калі сапраўды лепш адзін раз убачыць. Сем хвілін танца прайшлі на адным подыху, расказалі цэлую гісторыю. Гледачы без слоў разумелі кожны паварот сюжэта і суперажывалi героям. Яўрэйская культура і яе самабытнасць далі харэографу цудоўны матэрыял. А данесці яго да гледача, перадаць настрой і эмоцыі персанажаў здолелі сапраўдныя артысты. Яны, відавочна, атрымлівалі задавальненне ад таго, што стваралі на сцэне. І гэта станоўчая энергетыка перадалася аўдыторыі. Брава!
Гамяльчане парадавалі разнастайнасцю. Лірычная кампазіцыя «Вяночкі» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля танца «Дружба» напоўніла рамантыкай, прадчуваннем кахання, надзеяй на шчасце. Харэаграфічная замалёўка «Блікі настрою» ансамбля сучаснага танца «Джаз-мадэрн» дала прастору для роздуму.
Вогненна-чырвоныя касцюмы артыстаў народнай студыі сучаснага балета «Тандэм» і пластыка іх рухаў заваражылі аўдыторыю, быццам языкі полымя. Парадавалі і вясёлыя рытмы «Бугі-вугі» дзіцячага ансамбля танца «Дружба плюс».
«Цвіком» магілёўскай прэзентацыі стала харэаграфічная кампазіцыя «Урсулы» народнага ансамбля танца «Вянок». Магічная музыка ў этна-стылі, яркія касцюмы. Больш за ўсё запомнілася мужчынская партыя, дзе хлопцы жангліравалі баявымі сякерамі. Задорныя «Кадрылька» і «Скокі» выхаванцаў дзіцячай харэаграфічнай студыі «Агеньчыкі» ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Усмешка» таксама спадабаліся аўдыторыі.
Годна выступілі і віцябляне. Школа танца Loko парадавала выдатным брэйк-дансам. Ансамбль спартыўна-бальнага танца «Мярэнга» ў нумары «Безвыходнасць» нагадаў, як жыццё і каханне ператвараюцца ў звычку, прымусіўшы задумацца аб вечных каштоўнасцях. Завяршылася праграма гасцей з Віцебшчыны бадзёрай «Барыняй» узорнага ансамбля танца «Ладушкі».
Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня журы, намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі адзначыў:
– Мы памятаем і будзем памятаць выдатнага харэографа, ганаровага чыгуначніка Аляксандра Аляксеевіча Рыбальчанку. Сведчанне таму – гэты фестываль. Дзякуй усім, хто сёння выходзіў на гэту сцэну. Відавочная тэндэнцыя росту ўзроўню майстэрства. Усе аддзяленні паказалі, што яны крочаць наперад, удасканальваюць сваю тэхніку. Дзякуй настаўнікам, якія рыхтавалі артыстаў. Гэта цяжкая праца. Дзякуй і тым, хто прыйшоў падтрымаць. Свята адбылося!
Усе ўдзельнікі былі адзначаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.
Інга МІНДАЛЁВА