Январь
Ср
15
2025

Галоўная каштоўнасць – людзi

Заснежаны перон. Па адзін бок ад яго – роўненькія скірды стромкіх сасновых бярвенняў. А на чыгуначных пуцях спыніўся незвычайны састаў з аднаго пасажырскага і шэрагу грузавых вагонаў. Па гэтай прыкмеце можна беспамылкова вызначыць станцыю: акрамя Градзянкі такія камбінаваныя цягнікі на айчыннай чыгунцы не ходзяць.

Дзяжурны па станцыі Таццяна Шаўчэнка

На сетцы чыгуначных дарог гэта станцыя хоць і тупіковая, але перспектыўная. Аб гэтым перш за ўсё сведчыць колькасць вагонаў, якія штодня адпраўляюцца адсюль. Чэрвеньскі і Бярэзінскі раёны, побач з межамі якіх і знаходзіцца Градзянка, не маюць прамых чыгуначных зносін, а таму мясцовыя прадпрыемствы ахвотна карыстаюцца паслугамі бліжэйшай да іх станцыі.
– Так, па лініі Градзянка – Асіповічы адпраўляецца не толькі па нашай рэспубліцы, але і ў краіны замежжа прадукцыя УП «Нафтабітумны завод», які размешчаны на Чэрвеньшчыне. За апошнія тры месяцы аб’ём сыравіны, атрыманай станцыяй на адрас гэтага прадпрыемства, склаў 2288 вагонаў. Пагружана тым часам 2117 вагонаў. Атрымліваецца, што кожную гадзіну выгружаецца і загружаецца ў сярэднім два вагоны, – расказвае начальнік станцыі Святлана Харытончык.
Акрамя прадукцыі ўзгаданага прадпрыемства, зараз на Градзянцы вядуць пагрузку 14 лясгасаў. Тут працуюць не толькі Асіповіцкі, але і Навагрудскі, Клімавіцкі, Бешанковіцкі, Петрыкаўскі і іншыя лясгасы. Драўніна адпраўляецца на «ФанДОК» і «Пінскдрэў» – ролю гэтай станцыі немагчыма пераацанiць.
За апошнія тры месяцы быў адгружаны 1451 вагон будаўнічай драўніны: у сярэднім штодзённа адсюль адпраўлялася 16 вагонаў з лесам як на ўнутраны рынак, так і ў краіны Еўропы.
А ўсяго з пачатку года на Градзянцы пагрузілі звыш 360 тыс. тон рознай прадукцыі, што складае каля 170% у параўнанні з такім жа перыядам 2015-га. Выгрузка таксама перавышае паказчыкі мінулага года і запланаваныя аб’ёмы.
У зваротным напрамку, акрамя сыравіны для УП «Нафтабітумны завод», ідуць мінеральныя ўгнаенні. Яны паступаюць на станцыю ў вялікай колькасці, бо гэта адзіны шлях дастаўкі прадукцыі ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Бярэзіншчыны і Чэрвеньшчыны. «Райаграсэрвісы» абодвух раёнаў маюць уласныя пад’язныя пуці, на якіх самастойна займаюцца пагрузачна-разгрузачнымі работамі.
Пасажырапаток на станцыі невялікі, таму білеты рэалізуюцца раз’яздным касірам у вагонах.

Прыёмаздатчык грузу і багажу Аксана Баяшка

Тут штодня фарміруюцца розныя саставы, але складальнікаў цягнікоў у штаце станцыі няма. Гэтыя функцыі ўскладзены на памочніка машыніста, які мае спецыяльную падрыхтоўку, і ў адпаведнасці з атрыманым ад дзяжурнага манеўровым маршрутам выконвае ўсе манеўровыя работы, замацоўвае вагоны і рыхтуе цягнік да рэйсу.
Абслугоўвае станцыю дзевяць чалавек. Акрамя начальніка, пазменна працуюць чатыры дзяжурных і тры прыёмаздатчыка грузу і багажу. Чысціню падтрымлівае станцыйны рабочы.
Дзяжурныя ставяць на пэўныя пуці, расфарміроўваюць саставы, прыёмаздатчыкі адказваюць за падачу, выгрузку, уборку вагонаў, правяраюць іх адпаведнасць тэхумовам. Добра ведаюць сваю справу Таццяна Шаўчэнка, Аксана Баяшка ды іншыя мясцовыя чыгуначнікі.
Тут жа працуе брыгада № 3 дзясятага акалотка Асіповіцкай дыстанцыі пуці. Гэта пяць манцёраў пуці і брыгадзір. Яны абслугоўваюць сем кіламетраў галоўнага ходу і столькі ж пад’язных пуцей, станцыю, а таксама дванаццаць стрэлачных пераводаў.
Кожны дзень са спецыяльным інструментам праходзяць пуцейцы ўздоўж чыгункі, расчышчаючы паласу адводу і стрэлкі, збіраючы галлё з рэек пасля ветру і непагадзі.
Але, як запэўнівае дарожны майстар Віктар Ермухаметаў, хлопцам не страшныя ні дождж, ні снег. «Загартаваліся, і нават ніхто не хварэе, – адзначае ён. – А лепшых работнікаў, чым Пётр Самарукаў, Андрэй Хоміч, Уладзімір Марозаў, Міхаіл Барадаўка і ўвогуле цяжка знайсці».
Наведваюць Градзянку па графіку, а таксама па выкліках і механікі дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, якія абслугоўваюць усё адпаведнае абсталяванне.
Адным словам, станцыя, хоць і знаходзіцца ў лясной глыбінцы, але жыве актыўным жыццём, якое не дае заснуць некалі буйному мястэчку, а сёння ўсё яшчэ вялікай па плошчы, але ўжо не такой шматлюднай вёсцы.

Іна ЗАСКЕВІЧ

Яндекс.Метрика