І казку прывезлі з сабой…
Прадстаўнікі Беларускай сталёвай магістралі разам з артыстамі сталічнага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў наведалі дзетак з парушэннямі слыху.
Навагодні дэсант на чале з Дзедам Марозам і Снягуркай прывёз салодкія падарункі, канцэртную праграму і, канечне ж, святочны настрой. Ад імя кіраўніцтва Беларускай чыгункі выхаванцаў Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху вітаў намеснік начальніка магістралі Пётр Стоцкі. Ён падкрэсліў, што ўжо тры гады, як чыгуначнікі ўзялі шэфства над гэтай установай адукацыі, аказваюць ёй фінансавую дапамогу і з задавальненнем наведваюць калядна-навагодняй парой, каб павіншаваць дзяцей са святамі і перадаць iм падарункі. На памяць аб мерапрыемстве Пётр Васільевіч уручыў дырэктару школы сувенір – дэкаратыўнае пано з выявай аднаго з сімвалаў Беларускай чыгункі – сталічнага вакзала.
Са свайго боку дырэктар інтэрната Іна Волчак падзякавала за падтрымку. «Стала добрай традыцыяй напярэдадні калядна-навагодніх святаў сустракаць гасцей з Беларускай чыгункі. Нас з ёй многае звязвае. Мы месцімся ў пасёлку Ждановічы. Для нас чыгунка – транспарт, якім карыстаюцца і нашы выкладчыкі, і нашы дзеці. З вялікім задавальненнем ездзім на цягніках гарадскіх ліній, – адзначыла Іна Вітольдаўна. – У Новы год хацелася б пажадаць калектыву Беларускай чыгункі, каб магістраль працягвала развівацца, захоўвала стабільнасць, а кожнаму яе работніку – здароўя і дабрабыту».
Святочны канцэрт распачаў танцавальны нумар, падрыхтаваны выхаванцамі школы-інтэрната. Больш за ўсё апладысментаў і глядацкіх сімпатый выклікала самая маленькая выканаўца – пяцігадовая Ганначка Манькоўская. Яе шчырасць, задор і дзіцячая непасрэднасць прыцягвалі ўвагу ўсіх, хто знаходзіўся ў зале. Затым надышоў час гасцям прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. На сцэне выступалі маленькія артысты ўзорнага ансамбля танца «Цягнічок» і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь цыркавой студыі «Белая Русь».
Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай дзеці «запальвалі» агеньчыкі на елачцы, спявалі пра яе песню, адгадвалі загадкі. А выступленне яшчэ адной вучаніцы школы-інтэрната – Людмілы Маскалёвай – уся зала падтрымлівала стоячы. Завяршылася мерапрыемства раздачай салодкіх падарункаў і фатаграфаваннем з навагоднімі персанажамі.
У акцыі «Нашы дзеці», якая працягнецца да 8 студзеня 2017 года, удзельнічаюць усе аддзяленні Беларускай чыгункі.
Інга МІНДАЛЁВА