За добрасумленную працу…
Напярэдадні 154-й гадавіны ўтварэння Беларускай сталёвай магістралі ў сталічным Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў адбылася цырымонія ўшанавання лепшых работнікаў галіны. Нагрудны знак «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» ІІІ ступені атрымалі 162 чалавекі. Узнагароды ўручаў кіраўнік магістралі Уладзімір Марозаў.
Ён нагадаў прысутным, што правядзенне такіх урачыстасцяў у межах святкавання дня нараджэння Беларускай чыгункі ўжо стала добрай традыцыяй. Сёлета магістралі споўнілася 154 гады. На працягу ўсёй яе гісторыі кожнае пакаленне чыгуначнікаў рабіла свой пасільны ўнёсак у развіццё магістралі. «Чыгуначнік – гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця, гэта – светапогляд, – падкрэсліў Уладзімір Марозаў. – Лёс кожнага з нас непарыўна звязаны са сталёвай магістраллю».
Многае ўжо зроблена, яшчэ шмат трэба зрабіць. Сярод найбольш значных падзей 2016 года кіраўнік чыгункі ўзгадаў завяршэнне электрыфікацыі ўчастка Мінск – Гомель, працяг электрыфікацыі напрамку Маладзечна – Гудагай – дзяржаўная мяжа. На чыгунку паступае новы рухомы састаў, ідзе абнаўленне асноўных фондаў.
Патрэбу ў перавозках пасажыраў сёлета чыгунка цалкам забяспечыла. Зараз галоўная задача – пошук дастатковых аб’ёмаў работы па перавозцы грузаў і пасажыраў. Зрабіць гэта няпроста. Але розныя абставіны павінны стаць своеасаблівым штур-шком для павышэння эфектыўнасці работы, яе ўдасканалення. Падчас ажыццяўлення транспартных паслуг неабходна арыентавацца на два галоўныя крытэрыі – цану і якасць. «У гэтым кірунку нам трэба рухацца далей і прапаноўваць такую паслугу, якая будзе сапраўды запатрабаваная», – падкрэсліў начальнік чыгункі.
Сёлета Беларуская перавезла больш за 80 млн. пасажыраў, амаль 180 млн. тон грузаў. Трэба павялічваць аб’ёмы, але многае залежыць як ад чыгуначнікаў, так і ад стану эканомікі нашай краіны, суседніх дзяржаў. Знешнія фактары прама ці ўскосна адбіваюцца на дзейнасці чыгункі.
У планах на наступны год – завяршэнне інфраструктурных праектаў і пачатак новых, абнаўленне цягавага рухомага саставу, а таксама забеспячэнне сярэдняга заробку па магістралі ў памеры 1000 рублёў (сёння ён складае 810 рублёў). Але для гэтага трэба павялічыць даходнасць. «Гэта сур’ёзная задача. Аднак, мяркую, у нас ёсць неабходныя магчымасці, а самае галоўнае – калектыў, які ўмее і хоча працаваць», – суміраваў Уладзімір Марозаў.
Ён павіншаваў прысутных калег з высокай узнагародай. Пажадаў ім моцнага здароўя і новых дасягненняў.
Інга
МІНДАЛЁВА