Шляхі вядуць у Полацк
На працягу трох дзён у Полацку святкавалі адразу тры значныя даты – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 1155-годдзе города, а таксама Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў тут ужо ў трэці раз.
У мерапрыемствах узялі ўдзел прадстаўнікі больш чым з 20 краін – столькі гасцей старажытны город не бачыў даўно. У першыя выхадныя верасня ён ператварыўся ў адзіную святочную пляцоўку. І, дарэчы, адчуць гэта можна было ўжо на чыгуначным вакзале. Ён, як і ўсе мясцовыя прадпрыемствы, загаддзя падрыхтаваўся да сустрэчы гасцей: тут абнавілі фасады пяці будынкаў вакзальнага комплексу. На прывакзальнай плошчы і на платформах часткова замянілі пліткавае пакрыццё, усталявалі малыя архітэктурныя формы – кветніцы. Акрамя таго, на вакзале з’явілася сучаснае святлодыёднае падсвятленне, у білетных касах адрамантавалі столь, цяпер там новыя інфармацыйныя шыльды, якія не толькі перакладзены на беларускую мову, але і маюць QR-коды. Камеры захоўвання абсталяваны тэрміналам для разліку банкаўскімі карткамі. Ячшэ адно з прыемных ноу-хау для пасажыраў – бясплатны Інтэрнэт. «У гэтыя святочныя дні продаж білетаў павялічыўся, папаўненне схем цягнікоў ідзе ў аператыўным рэжыме і недахопу месцаў не назіраецца», – запэўніла начальнік вакзала Валянціна Паддубная.
– Каб годна сустрэць гасцей горада, да свята мы пачалі рыхтавацца яшчэ ў мінулым годзе, – кажа начальнік станцыі Максім Стужук, якога, нягледзячы на суботні ранак, сустракаем на працоўным месцы. – Усяго на абнаўленне вакзальнага комплексу выдаткавана каля 380 тыс. рублёў. Асноўныя рамонтныя работы выканалі спецыялісты Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў. Справіцца з запланаваным атрымалася ў тэрмін, і сёння пасажыры могуць пабачыць вакзал у новым абліччы.
– Усе шляхі вядуць у Полацк, – з усмешкай кажа дзяжурны памочнік начальніка вакзала Сняжана Дашкевіч. – Ужо ў першы дзень свята да нас завітала нямала гасцей. Пасажыры – ветлівыя, віншуюць са святам, ды, што адметна, большасць з іх размаўляе па-беларуску. Сама ў горадзе яшчэ не была – працавала, але ўсё наперадзе. Шмат пляцовак хацелася б наведаць – праграма багатая і разнастайная.
І пакуль адны пасажыры, пакінуўшы рэчы ў камерах захоўвання і набыўшы карту горада, накіроўваюцца ў цэнтр, другія – маладзейшага ўзросту – тут жа з дапамогай мабільніка пачынаюць весці «анлайн-трансляцыю» і даюць ацэнку працы чыгуначнікаў: «Вакзал пахарашэў».
Тым часам прадстаўнікі Полацкага чыгуначнага вузла з флагам Беларускай чыгункі і паветранымі шарыкамі карпаратыўнага колеру ўжо рыхтуюцца да ўрачыстага тэатралізаванага шэсця. Яно адкрывае Дзень горада. Асаблівы самабытны каларыт падзеі надаюць палачане, апранутыя ў гістарычныя касцюмы розных гільдый XV – XVI стагоддзяў. Персанажаў мінулага ўвасабляюць працаўнікі мясцовых малочнага камбіната, тыпаграфіі, а таксама сферы гандлю, адукацыі і іншыя.
Дарэчы, вялікае свята – добрая нагода выйсці ў горад усёй сям’ёй. І пакуль брыгадзір Полацкай дыстанцыі пуці Павел Міронаў ідзе ў калоне, за шэсцем назіраюць яго жонка Яўгенія і пяцігадовая дачка Васіліса. «Мы паспелі завітаць на выставу «Горад у макетах». Дачцэ вельмі спадабаўся Сафійскі сабор у мініяцюры. Цікава, што тут можна атрымаць звесткі пра кожны аб’ект», – дзеліцца ўражаннямі Яўгенія.
У дзесяцігадовай Ганны Іваньковіч у шэсці задзейнічаны і маці, і бацька – Аляксандр і Юлія працуюць у Полацкім вагонным дэпо. Яны – пераможцы леташняга конкурса «Вагонных спраў майстры». Пакуль ёсць свабодная хвіліна, сям’я таксама гуляе па незвычайных «вулачках» макетнага горада.
Асаблівая ўвага працаўнікоў Беларускай магістралі – макету Мікалаеўскага чыгуначнага вакзала, зробленага вучнямі сярэдняй школы № 12 горада Полацка. Іваньковічы з цікавасцю разглядаюць гэту работу, чытаюць інфармацыю, якая размешчана побач. Добры падарунак чыгуначнікам! Зрэшты, не толькі ім. Да макета падыходзіць палачанка Кацярына Блізнічэнка, яна – медык. Але каля Мікалаеўскага вакзала затрымліваецца невыпадкова. «Сярод маіх родных было шмат чыгуначнікаў, і гісторыя Беларускай магістралі мяне вельмі цікавіць, – кажа суразмоўца. А потым дадае: – Свята арганізавана вельмі добра, столькі пляцовак, хапіла б толькі часу на ўсіх пабываць. Дарэчы, учора наведала фэст сярэднявечнай культуры «Рубон»: уражанні – самыя незабыўныя».
Наперадзе гаражан і гасцей чакае святочны канцэрт, прысвечаны Дню горада. Але пакуль ён не пачаўся, яшчэ ёсць час надрукаваць невялікую гравюру на мадэлі друкаванага прэса часоў Скарыны. Яго напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання зрабіў выкладчык Полацкай дзіцячай мастацкай школы Дзмітрый Свяцкі спецыяльна для сваіх навучэнцаў, каб яны маглі на практыцы асвоіць разнастайныя графічныя тэхнікі. Шмат жадаючых наведаць фестываль кнігі і прэсы. Там прадстаўлены лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай літаратуры, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычныя даведнікі, экспазіцыі рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных перыядычных выданняў.
А тыя, хто ў гэты дзень завітаў у Музей беларускага кнігадрукавання, змог убачыць арыгінал «Малой падарожнай кніжкі» – Скарынаўскае выданне 1522 года з прыватнай калекцыі «Белгазпрамбанка». Дакументальны фільм пра першадрукара, віртуальнае падарожжа ў яго друкарскую майстэрню – усё гэта прыемныя бонусы выставы. Дарэчы, пабачыць кнігу палачане могуць да 10 верасня. А да 24 верасня будзе працаваць выстава, якая таксама была адкрыта падчас Дня беларускага пісьменства, – «Люду посполитому к доброму научению». На ёй прадстаўлены Псалтыры рознага часу: ад XVI стагоддзя і да нашых дзён. У тым ліку і такія ўнікальныя выданні, як арыгінальны Псалтыр, друкаваны Пятром Мсціслаўцам у Вільні ў друкарні Мамонічаў у 1576 годзе, або Псалтыр рыфматворны Сімяона Полацкага, друкаваны ў Верхняй друкарні ў Маскве ў 1680 годзе.
Прэзентацыя яшчэ аднаго ўнікальнага выдання адбылася на Дне беларускага пісьменства: багасловы Беларускай праваслаўнай царквы, лінгвісты, вучоныя і стылісты завяршылі пераклад на беларускую мову Святога Пісання Новага Запавету. Як адзначыў мітрапаліт Мінскі
і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, над гэтым выданнем працавалі на працягу 25 гадоў, і ў жніўні кніга была выдадзена. Асобнік Новага Запавету ён прэзентаваў дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раману Матульскаму.
Кульмінацыяй свята стала ўрачыстае адкрыццё на беразе Заходняй Дзвіны ля Сафійскага сабору памятнага знака «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». З аднаго боку на скульптуры – выявы выдатных гістарычных асоб, з другога – важныя даты і культурныя каштоўнасці. Сярод іх – Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, крыж Ефрасінні Полацкай. Яшчэ адзін падарунак гораду – унікальны мастацкі праект «Тры Сафіі», ініцыяваны Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД. Культавыя пабудовы – Сафійскія саборы ў Вялікім Ноўгарадзе, Полацку, Кіеве – падчас сумесных пленэраў увасобілі ў сваіх творах маладыя мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны.
Шэраг урачыстых мерапрыемстваў быў запланаваны і на нядзелю – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, і, безумоўна, перадача святочнай эстафеты – у 2018 годзе гасцей будзе прымаць горад Іванава Брэсцкай вобласці. А пакуль што палачане дзеляцца ўражаннямі ад убачанага і спадзяюцца, што калі-небудзь іх родны горад зноў ператворыцца ў сталіцу Дня беларускага пісьменства.
Кацярына АСОЎСКАЯ