«Мой родны кут, як ты мне мілы!»
Фотаконкурс з адпаведнай назвай, прысвечаны Году малой радзімы, аб’яўлены на Беларускай чыгунцы.
Творчае спаборніцтва праводзіцца дзеля выхавання ў працаўнікоў галіны пачуцця патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы, яе гістарычнага мінулага і прыгажосці роднага краю, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі. Заснавальнікамі выступаюць Беларуская чыгунка і Аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.
Удзел у конкурсе могуць браць работнікі магістралі, за выключэннем тых, чые службовыя абавязкі прадугледжваюць правядзенне фотаздымкі. Кожная арганізацыя і адасобленае структурнае падраздзяленне накіроўваюць мінімум 5 фотаработ (не менш за 40 ад кожнага аддзялення), якія неабходна даслаць да 30.11.2018 года на адрас рэдакцыі нашай газеты з адзнакай «Фотаконкурс» і пазначэннем намінацыі. Іх тры: «Мой родны кут назаўжды ў маім сэрцы!», «Сваёй працай мы ўславім цябе, малая радзіма!» і «З майго дзяцінства аб чыгунцы ўспаміны…».
Сюжэты, аб’яднаныя першай намінацыяй, павінны адлюстроўваць тэматыку, звязаную з гісторыка-культурнай і духоўнай спадчынай малой радзімы, яе прыроднай разнастайнасцю, эпізодамі з ваеннага і пасляваеннага жыцця, вядомымі людзьмі, былымі працаўнікамі чыгуначнага транспарту.
У творах, прадстаўленых у другой намінацыі, варта раскрыць тэматыку, звязаную з выкананнем работ па навядзенні парадку на малой радзіме, у тым ліку – чыгуначнікамі (дапускаецца стварэнне фотакалажаў і камп’ютарная апрацоўка фотаздымкаў).
Трэцяя намінацыя («З майго дзяцінства аб чыгунцы ўспаміны…») прадугледжвае адлюстраванне ўзаемасувязі чыгуначнага транспарту з малой радзімай (тут таксама дапускаецца стварэнне фотакалажаў і камп’ютарная апрацоўка фотаздымкаў).
Аўтарскія правы дасланых на конкурс работ належаць выключна канкурсантам. Лепшыя здымкі будуць размешчаны ў нашай газеце.
Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве прымаюцца фотаздымкі як у каляровым, так і чорна-белым выкананні. Яны павінны быць памерам 20 х 30 см, надрукаваныя без афармлення і ва ўмовах прафесійных фоталабараторый (вырабленыя на офісных прынтэрах не разглядаюцца!). Да адваротнага боку кожнага фотаздымку трэба прымацаваць ліст з інфармацыяй: прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, яго пасада і месца працы, узрост, адрас і нумар тэлефона, намінацыя, назва фота, час і месца правядзення здымкі.
Пры падвядзенні вынікаў журы будзе звяртаць увагу на арыгінальнасць сюжэту, раскрыццё тэмы, мастацкія і тэхнічныя якасці фотаздымка. Пераможцы і прызёры будуць адзначаны памятнымі дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Інга МІНДАЛЁВА