Ноябрь
Вт
05
2024

Майстры руху

Хвалюючы экзамен на прафесіяналізм і творчае майстэрства здалі ўдзельнікі дарожнага конкурсу «Дырыжор руху». Гэты вечар, які прайшоў у Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў, сабраў гасцей з усіх аддзяленняў магістралі, падарыў шмат яркіх адкрыццяў і натхняльных эмоцый.

За перамогу змагаліся шэсць дзяжурных па станцыі – па адным з кожнага аддзялення. Фінал атрымаўся выключна жаночым. Кожная з канкурсантак дагэтуль паспяхова вытрымала аддзяленчы адбор. І, нарэшце, яны сабраліся ў сталіцы, каб вызначыць пераможцу па выніках чатырох этапаў выпрабаванняў.
На першым з паэтычнай назвай «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца» канкурсанткі распавялі пра сябе, бацькоў, вучобу і працу, гісторыю і традыцыі малой радзімы, асабістыя захапленні. Усе паспрабавалі зрабіць гэта максімальна творча, запамінальна. Напрыклад, дзяжурны па станцыі Ксты Віцебскага аддзялення Анастасія Грынько адзначыла, што яна працуе ў дзіўным месцы: побач са старажытным Полацкам і адным з самых маладых гарадоў Беларусі – Наваполацкам. Распавяла, што яе бацькі – чыгуначнікі.
А каб расказаць пра працу і свае зацiкаўленнi, нечакана перайшла на рэп, чым выклікала авацыі гледачоў. Наталля Канаваленка са станцыі Гомель падзялілася ўспамінамі пра сваю малую радзіму – вёску Дудзічы Калінкавіцкага раёна. «Куточак мой! Да скону дарагі!» – гэтыя радкі верша і знакаміты паланэз Міхаіла Клеафаса Агінскага, напэўна, многіх усхвалявалі і напоўнілі душу настальгічнымі ўспамінамі аб сваіх мясцінах дзяцінства. На гэтым ды іншых творчых этапах яна распавядала па-беларуску, што дадавала нумарам асаблівага каларыту і душэўнасці, цеплыні. Алена Ніканчук са станцыi Маларыта Брэсцкага аддзялення таксама выбрала вершавана-паэтычны фармат. Яна нарадзілася ў глыбіні беларускага Палесся – на Століншчыне. А маленства Кацярыны Якубоўскай, якая працуе дзяжурным па станцыі Брузгі Баранавіцкага аддзялення, было звязана з Ганцавічамі. Вырасла яна ў сям’і чыгуначнікаў, яшчэ прадзед працаваў пуцейцам на Лунінеччыне. Працягвае традыцыі чыгуначнай дынастыі і Святлана Безштанько са станцыі Міхеевічы Магілёўскага аддзялення. Дзяжурны па станцыі Дзегцяроўка Мінскага аддзялення Таццяна Парашчанка нарадзілася ў Брэсце, пэўны час працавала правадніком пасажырскага вагона. Але потым вырашыла змяніць профіль, перайсці ў сферу арганізацыі перавозак.

Пераможца конкурсу Натлля Канаваленка

На другім этапе канкурсанткі адказвалі на пытанні, якія тычыліся іх прафесійнай дзейнасці: пра пераключэнне святлафораў, пропуск грузавых і пасажырскіх цягнікоў і шмат што іншае. Кожная атрымала білет з двума пытаннямі. На абмеркаванне якога – не больш за 20 секунд. І такія абмежаванні абгрунтаваныя: у дзяжурнага па станцыі няма часу на павольныя развагі, неабходна прымаць рашэннi максімальна аператыўна.
Трэці і чацвёрты этапы конкурсу былі творчымі, прасякнутымі тэматыкай малой радзімы і скіраванымі на арыгінальнае самавыяўленне ўдзельніц. Кожная выбірала найбольш блізкі для сябе фармат: вершы, песню ці танец.
Канкурсанткі заўзята імкнуліся да перамогі. А шматлікія гледачы эмацыйна рэагавалі на тое, што адбывалася на сцэне, і тым самым падагравалі жарсці. Журы неабходна было рабіць няпросты выбар. Амаль што пасля кожнага конкурсу лідар па колькасці набраных балаў мяняўся.
– Хачу падзякаваць удзельнiцам за тое, што яны вельмі адказна падрыхтаваліся да конкурсу: усе прадэманстравалі прафесіяналізм і добры творчы патэнцыял. Вы заслужылі гарачую падтрымку калег, якія сабраліся ў гэтай зале і вельмі перажывалі за вас, – адзначыў, падводзячы вынікі, старшыня журы, намеснік начальніка дарогі Пётр Стоцкі. – Калі хтосьці з канкурсантак не змог стрымаць хваляванні і не поўнасцю прадэманстраваў свае магчымасці, гэта добрая нагода прааналізаваць і зрабіць пэўныя высновы. Неабходна працягваць самаўдасканальвацца, быць адданымі чыгунцы і развіваць таленты.
Пётр Васільевіч агучыў рашэнне журы і ўзнагародзіў пераможцаў. Трэцяе месца заняла Святлана Безштанько, другое – Таццяна Парашчанка. А першай стала Наталля Канаваленка.
– Сваю перамогу хачу прысвяціць майму бацьку-чыгуначніку, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Менавіта ён дапамог мне выбраць прафесію, – адзначыла Наталля. – Вельмі задаволена, што справілася з тэарэтычнымі заданнямі. На мой погляд, гарманічным было і маё выступленне з харэаграфічнай кампазіцыяй на апошнім этапе конкурсу. Раней я працяглы час займалася народнымі танцамі. Потым зрабіла перапынак, бо была ў дэкрэтным водпуску. Таму напярэдадні дарожнага конкурсу давялося шмат узгадваць і рэпетаваць. Усім будучым удзельнікам творчага спаборніцтва магу параіць наступнае: нічога не баяцца, верыць у сябе і быць настойлівым.
У гэты вечар добры настрой гледачам падарылі не толькі канкурсанткі, але і творчыя калектывы культурна-спартыўных цэнтраў аддзяленняў Беларускай чыгункі. Сапраўднымі майстар-класамі сталі і выступленні вядомага спевака, кампазітара і тэлевядучага Германа Цітова, а таксама вакальнага ансамбля «Камерата».

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика