Май
Вт
13
2025

Скарбы полацкай зямлі

Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Сафійскі сабор, Барысаў камень – дзякуючы ім пра Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. Чыгуначнікі разам з жыхарамі старажытнага края пішуць новыя старонкі яго гісторыі.

Полацкае княства – калыска беларускай дзяржаўнасці. Маляўнічыя мясціны, дзе рака Палата сустракаецца з Заходняй Дзвіной, здаўна вабілі людзей. У летапісах першыя ўзгадкі аб Полацку датуюцца 862 годам.
Рагвалод і яго дачка Рагнеда стаялі ля вытокаў Полацкага княства. Падчас праўлення Усяслава Чарадзея гэты край дасягнуў небывалага росквіту. З постаццю Ефрасінні Полацкай звязаны перыяд асветніцтва і духоўнага адраджэння. Яе зямляк, беларускі першадрукар Францыск Скарына пераняў гэту эстафету і ў 1517 годзе першым сярод усходніх славян выдаў друкаваную кнігу. Традыцыі асветніцтва працягваў Сімяон Полацкі, а таксама іншыя знакамітыя жыхары старажытнай Полаччыны.
Як сцвярджаюць гісторыкі, на пачатку ХІХ стагоддзя ў Полацку было каля 3 тыс. жыхароў, зараз – амаль 85. А калі ўлічыць горад-спадарожнік Наваполацк ды суседнія населеныя пункты, атрымаецца агламерацыя ў 200 тыс. чалавек.
Полаччына захоўвае сваю культурна-гістарычную значнасць і разам з гэтым развівае прамысловы патэнцыял.
Адпаведным чынам абнаўляецца і пашыраецца ў тым ліку і чыгуначная інфраструктура.
Менавіта на гэтай славутай зямлі да вялікай сям’і чыгуначнікаў далучыўся цяперашні начальнік службы сігналізацыі і сувязі Упраўлення дарогі Аляксей Ганчароў. У мясцовай дыстанцыі ён працаваў каля 18 гадоў.
– Мае бацькі – з Беларусі, – распавядае ён. – І хаця я нарадзіўся на Урале, з маленства жыў у Полацку. Таму лічу гэты старажытны горад сваёй малой радзімай.
Менавіта тут Аляксей Ганчароў спасцігаў бязмежнасць свету, знайшоў сяброў, гуляў у футбол на беразе Заходняй Дзвіны. Школьнікі з захапленнем глядзелі на Сафійскі сабор, сачылі за адраджэннем гэтага ды іншых архітэктурных аб’ектаў.
Аляксей Ганчароў атрымаў адукацыю ў Вільнюскім тэхнікуме сувязі, пасля арміі вярнуўся ў горад дзяцінства, уладкаваўся ў Полацкую дыстанцыю сігналізацыі і сувязі.
– Добра памятаю свой першы працоўны дзень, – узгадвае ён. – Разам з электрамеханікам мы паехалі ў бок станцыі Сосніца ў віцебскім кірунку. Правяралі акумулятары ды іншае. Побач са мной быў Алег Гаўрылаў, які дапамог мне вывучыць спецыфіку чыгуначных сістэм сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі.
Імкненне да прафесійнага развіцця падтрымлівалі іншыя калегі. Сярод іх – начальнік участка Іван Шалонік, намеснік начальніка дыстанцыі Уладзімір Півень, начальнік дыстанцыі Пётр Саковіч. Менавіта яны параілі працягваць самаўдасканаленне. Аляксей Ганчароў так і зрабіў: паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарта.

Дзмітрый Супрэтка

Пэўны час ён жыў і працаваў у Віцебску, цяпер – у Мінску. Аднак, калі выпадае вольны час, імкнецца на Полаччыну. Гэты край яго вабіць не толькі ўспамінамі дзяцінства і прыгажосцю прыроды: тут засталіся людзі, з якімі разам працаваў, ажыццяўляў важныя праекты па абнаўленню і развіццю чыгуначнай інфраструктуры.
Нябачную знітаванасць з полацкай зямлёй адчувае і Дзмітрый Супрэтка. Ён нарадзіўся ў горадзе Ефрасінні і з 2015 года працуе начальнікам станцыі Обаль, размешчанай на шляху з Полацка ў Віцебск.
– Вельмі сімвалічна, што менавіта сюды мяне накіравалі па размеркаванню дзяжурным па станцыі, – адзначае ён. – Гэта адбылося пасля сканчэння Аршанскага коледжа чыгуначнага транспарту. Паступіў у яго толькі з другога раза – вельмі хацеў стаць чыгуначнікам, таму настойліва спрабаваў паўторна.
Пазней ён працаваў яшчэ на некалькіх станцыях Віцебскага аддзялення. Назапашаны досвед цяпер дапамагае паспяхова вырашаць вытворчыя задачы на станцыі Обаль. Асноўны яе кліент – мясцовы керамічны завод. Акрамя грузавой работы забяспечваюць і перавозку пасажыраў.
– Я захапляюся гісторыяй і археалогіяй полацкай зямлі, – распавядае Дзмітрый. – Калі ў горадзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства, з задавальненнем праводзіў для яго гасцей экскурсіі.
Па яго словах, у Полацку ёсць шмат цікавых аб’ектаў, якія варта наведаць. Сярод іх Сафійскі сабор – велічны будынак узвышаецца на беразе ракі, нібыта дакранаецца вежамі да нябёсаў.
Сафійскі сабор пабудаваны ў XI стагоддзі ў перыяд княжання Усяслава Чарадзея. Яго ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры і на аналагічныя храмы Кіева і Ноўгарада.
Сабор шмат разоў быў у эпіцэнтры важных гістарычных падзей. Яго перабудоўвалі, аднаўлялі. Напрыканцы 60-х – пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя гэты помнік дойлідства віленскага барока перажыў рэстаўрацыю, стаў месцам правядзення экскурсій, выстаў, канцэртаў.
Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – яшчэ адзін аб’ект, які вабіць турыстаў і вернікаў. Ён быў заснаваны святой князёўнай у 1125 годзе.
Той, хто вырашыць наведаць Сафійскі сабор, абавязкова заўважыць каля яго вялікі камень. Валун утвораны з палявога шпату чырванаватага колеру, яго памер у акружнасці – каля 8 м. У 1981 годзе камень паднялі з Дзвіны і ўсталявалі насупраць Сафійскага сабора.
Ёсць у Полацку яшчэ адзін знакаміты камень. Але ўжо сучасны. Помнік літары «Ў» беларускага алфавіту размешчаны ў цэнтры горада – каля праспекта Францыска Скарыны. Усталявалі яго ў верасні 2003 года падчас святкавання дзясятага, юбілейнага Дня беларускага пісьменства. Аўтар помніка – полацкі мастак Ігар Куржалаў. Манумент зроблены ў выглядзе вокладкі кнігі, на якой змешчаны словы з гэтай літарай, а таксама цытата з верша Рыгора Барадуліна «Ад Ефрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».
Абавязкова варта сфатаграфавацца і ля знака «Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы». Гэты помнік з’явіўся ў горадзе ў 2008 годзе. Па падліках навукоўцаў, цэнтр насамрэч знаходзіцца за 48 кіламетраў ад горада, непадалёк ад возера Шо. Але Полацк – больш сімвалічная пляцоўка, добра вядомая турыстам. Між тым, у залежнасці ад спецыфікі падлікаў, спецыялісты называюць некалькі месцаў, якія могуць прэтэндаваць на права лічыцца цэнтрам Еўропы. Сярод іх – аб’екты не толькі ў Беларусі, але і Літве, Украіне, Польшчы, Славакіі.
– У Полацку абавязкова варта наведаць музеі, – раіць Дзмітрый Супрэтка. – Такіх аб’ектаў у нас больш дзясятка. Там ёсць на што падзівіцца.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика