«Мой чыгуначны лёс»
Аўтар публікацыі, якую сёння мы прапануем увазе чытачоў, – ветэран Магілёўскага аддзялення Марыя Саланевіч (на фота). Больш за 30 гадоў яна працавала на Беларускай чыгунцы. А пачынала свой працоўны шлях на невялікай станцыі Люшча. Пра гэта чыгуначніца расказала ў матэрыяле, які ўдзельнічаў у дарожным конкурсе на лепшую публікацыю, прысвечаную Году малой радзімы. Яе твор заняў першае месца ў намінацыі «Зямля, дзе пачаўся мой чыгуначны лёс».
«На высокім беразе Дняпра адкрываюцца цудоўныя краявіды: задняпроўскія лугі, лес, што сінее за ракой, лукавіна ракі. Там знаходзіцца прыгожая вёска Лучын – адна з найстаражытных у Беларусі (ёй больш за 880 гадоў). Тут я нарадзілася і расла. Аўтамабільная дарога з Рагачова ў Жлобін па вёсцы цягнецца болей чым на два кіламетры. Уздоўж яе раней быў калгасны яблыневы сад. За ім палоскай уздоўж чыгункі расла акацыя. І калі яна квітнела, мы, басаногія, бегалі да чыгункі глядзець на цягнікі, вітальна памахаць машыністу, пасажырам і палюбавацца духмянымі гронкамі акацыі. Бачылі машыністаў, праваднікоў і марылі працаваць на чыгунцы.
Пасля школы мы з сяброўкай падаліся вучыцца ў аршанскі галіновы тэхнікум. У 1976 годзе пасля яго заканчэння па накіраванню яна паехала ў Казахстан, а я – на станцыю Люшча Беларускай чыгункі. Гэта невялікая станцыя знаходзілася на аднапутнай лініі Лунінец – Баранавічы з паўаўтаматычнай блакіроўкай. Беларускае Палессе, сунічны край.
Цудоўным было першае ўражанне ад месца, дзе мне трэба было жыць і працаваць: амаль на кожным слупе ладзілі гнёзды буслы. Яны хадзілі па вуліцы, нібы жыхары вёскі, і нікога не баяліся. А ў канаве абапал дарогі стаяла вада, дзе сваю шматгалосую песню пелі жабы разам з птушкамі.
Калектыў станцыі Люшча за шмат гадоў сумеснай працы згуртаваўся. Узначальваў станцыю Георгій Іванавіч Зямлянік (заўсёды ўспамінаю яго з падзякай). Адзінай жанчынай сярод дзяжурных па станцыі была Марыя Дзянісаўна Камедзькіна. Падыходзіў час заслужанага адпачынку, і яна пачала мяне вучыць – рыхтавала сабе змену. Памятаю, з якой адказнасцю і любоўю яна працавала! Да станцыі прымыкала адзіная лінія Люшчынскага лесапункту, дзе ішла пагрузка лесу і піламатэрыялаў. Марыя Дзянісаўна амаль заўсёды была пераможцай сацыялістычных спаборніцтваў. Нешматслоўная, але спакойна ўладжвала любыя непаразуменні. Дзяжурная жадала машыністу кожнага цягніка добрай дарогі, апавяшчаючы яго аб умовах пропуску па станцыі.
Памятаю, з якой цеплынёй і лёгкай усмешкай жанчына глядзела ў мае шырока расплюшчаныя вочы, у якіх адлюстроўваліся баязлівасць і нерашучасць, калі я стаяла перад пультам. Аднойчы, паклаўшы сваю цёплую далонь на маю руку, яна ціха і сур’ёзна сказала: «Не бойся. Усяму навучышся, усё зразумееш і будзеш працаваць яшчэ лепш за мяне». І я вучылася з вялікім жаданнем быць падобнай на сваю ўсімі паважаную настаўніцу.
На экзамен у Баранавічы я паехала ў прызначаны дзень, а мая неспакойная настаўніца прыйшла сустракаць мяне да цягніка. «Ну як справы?» – спытала, зазіраючы мне ў вочы. «Добра усё. Сдала. Хутка буду працаваць самастойна», – адказала я. Марыя Дзянісаўна абняла мяне за плечы і чамусьці апусціла галаву. У яе вачах заблішчэлі слёзы. «Ну што вы! Усё ж добра», – разгубілася я. А яна неяк горка ўсміхнулася і запрасіла да сябе на чай з нагоды прыезду свайго сына з Масквы, што адбывалася вельмі рэдка.
Што адчувала яна ў той момант, я зразумела значна пазней.
Марыя Дзянісаўна часта заходзіла на станцыю, каб пабачыцца і пацікавіцца маімі справамі. А я працавала з натхненнем, дэманструючы лепшыя паказчыкі ў соцспаборніцтвах, была ў добрых стасунках з усімі, каго ведала.
Аднойчы ў спякотны летні дзень дыспетчар усхваляваным голасам паведаміў, што ў цягніку, які праз дваццаць хвілін будзе ў нас на станцыі, загарэўся вагон з рэшткамі торфу. Трэба было арганізаваць тушэнне пажару і не дазволіць агню распаўсюдзіцца. Быццам у хуткую дапамогу, я патэлефанавала начальніку лесапункту, ведаючы, што там ёсць пажарныя машыны. Апавясціла начальніка станцыі, выклікала да сябе стрэлачніка і прёмасдатчыка, папрасіла ў іх дапамогі. Калі цягнік прыбыў на станцыю, гарэлі ўжо чатыры вагоны. Але ж усё было зроблена своечасова, і полымя мы перамаглі хутка. Праз некаторы час на станцыю прыехаў карэспандэнт часопіса. Аб гэтым здарэнні быў артыкул пад назвай «На ціхай станцыі», у якім добра распавядалі пра мяне і ўсіх, хто дапамог. Марыя Дзянісаўна ганарылася мной, а мне ад гэтага было цёпла на душы.
Жыла я ў інтэрнаце, дзе было шмат моладзі, якая працавала на лесапункце. Мяне адразу залічылі ў камсамольскую аргані-зацыю, якая ладзіла роз-ныя мерапрыемствы, у тым ліку канцэрты і конкурсы. Памятаю Васіля, які цудоўна танцаваў «Яблычка». Тут я пазнаёмілася з таленавітай, цікавай жанчынай Зінаідай Мікалаеўнай Бадзеевай. Яна працавала загадчыцай дзіцячага садку, іграла на гармоніку, пісала маслам цудоўныя карціны, складала вершы і наогул была змястоўным, прыгожым чалавекам з усіх бакоў. Сорак гадоў з той пары мы сябруем.
Неўзабаве я выйшла замуж, нарадзіла сына і пераехала спачатку ў Лунінец, а потым на Магілёўшчыну. Пасля невялікага перапынку вярнулася да сваёй нялёгкай, адказнай, але любімай працы. Дзяжурным па станцыі Буйнічы Магілёўскага вузла я працавала амаль дваццаць шэсць гадоў, да выхаду на пенсію.
Ідзе час, не стаіць на месцы тэхнічны прагрэс. Зараз на той ціхай станцыі, дзе пачаўся мой чыгуначны лёс, – аўтаблакіроўка, новы пульт, дзве чыгуначныя лініі, а будынак пасля рамонту выглядае як новы.
У маёй роднай вёсцы над Дняпром па-ранейшаму вельмі прыгожа, будуюцца новыя хаты, нават цэлыя вуліцы, дзіцячы садок, новая двухпавярховая школа, некалькі магазінаў, новая царква. У мясцовым Доме культуры займаюцца спевамі. Зараз і я за мерапрыемствамі ў роднай вёсцы сачу праз Інтэрнэт (дзякуй Богу). Дабра і шчасця вам, землякі!
Жыве мая малая радзіма…Узгадаю родны куточак і быццам насамрэч адчуваю водар духмянай акацыі каля чыгункі. Хто ведае, можа і ён неяк паўплываў на мой чыгуначны лёс».