Павага i ўдзячнасць
Пётр Пятровіч Саковіч – чалавек незвычайнага лёсу. Не адно дзесяцiгоддзе ён працаваў на Беларускай чыгунцы. Свае ўспамiны аб гэтым ветэран даслаў у рэдакцыю. Розныя прадпрыемствы, вытворчыя задачы… Але з асаблiвай павагай чыгуначнiк гаворыць аб людзях, разам з якiмi крочыў па жыццi. Вось яго аповед…

Старшы электрамеханiк Пётр Саковiч (справа) i электрамеханiк
Уладзiмiр Камiнскi правяраюць напружанне на пуцявых рэле (1965 г.)
«Мой чыгуначны лёс пачаўся пасля заканчэння ў сакавiку 1961 года Брэсцкага галiновага тэхнiкума па спецыяльнасці «аўтаматыка і тэлемеханіка на чыгуначным транспарце». Потым я працаваў у Дорпраекце Беларускай чыгункі ў горадзе Мінску. На той час я ўжо быў сямейным чалавекам: жонка і аднагадовая дачка. У сталiцы было цяжка: адсутнасць кватэры і нізкі заробак псавалi настрой. З гэтай прычыны, з дазволу кіраўніцтва Беларускай чыгункі, ў снежні 1961 года я пераехаў у Полацк, дзе ўладкаваўся ў мясцовую дыстанцыю сігналізацыі і сувязі. Пасяліўся на станцыі Новікава, як тады называлася станцыя Наваполацк. Вакол ішло вялікае будаўніцтва: нафта-перапрацоўчы завод, іншыя прадпрыемствы і будучы горад Наваполацк.
На станцыі Новікава на той час акрамя тэлефонаў чыгуначнай сувязі іншыя прылады адсутнiчалi. Па гэтай прычыне я працаваў электрамеханікам на суседняй станцыі Кста. Я ўдзячны старшым электрамеханікам Антону Васілеўскаму i Мiкалаю Мурыгіну, якія дапамаглі мне дасканала разабрацца ў рабоце. У гэты перыяд мне заўсёды аказвалі дапамогу і падтрымку кіраўнікі дыстанцыі – начальнік Яўген Каўшоў, яго намеснік Анатоль Воранаў, інжынер тэхнічнага аддзела Ізраiль Бімбат, тэхнік Марыя Дзмітрыева і іншыя.
У 1963 годзе на станцыі Новікава пачалося, а праз год скончылася будаўніцтва электрычнай цэнтралізацыі. Работы ажыццяўлялі спецыялісты БМП-672. У верасні 1963-га быў сфарміраваны штат электрамеханікаў і манцёраў па абслугоўванні прылад ЭЦ. Мяне прызначылі старшым электрамеханікам. Мы ўдзельнічалі ў будаўніцтве і наладцы гэтай тэхнікі. Акрамя таго, непасрэдна на месцы дасканала вывучалi новае абсталяванне. Нам дапамагалі вопытныя інжынеры БМП-672. Гэта была першая станцыя на Віцебскім аддзяленні, дзе была электрычная цэнтралізацыя. Тым часам станцыя Наваполацк пашыралася. Былі пабудаваны прыёма-адпраўны парк, горка, ППС… У 1969 годзе на ўсім комплексе пачалося будаўніцтва прылады блочнай маршрутна-рэлейнай цэнтралiзацыi (БМРЦ) і горачнай аўтаматычнай цэнтралiзацыi (ГАЦ). Сюды ўваходзіла 155 стрэлак ЭЦ, 18 стрэлак і 4 тармазныя прылады ГАЦ.
Пусканаладачнымі работамі кіраваў галоўны інжынер службы Уладзiмiр Акаркоў. Яго памочнікамі былі кваліфікаваныя спецыялісты – Анатоль Наркевіч, Мiхаiл Курлукоў, Павел Ляўчук, Генадзь Новікаў і іншыя.
Мяне прызначылі старшым электрамеханікам пусканаладачных работ. Вось тут я і прайшоў сапраўдную школу прафесійнага майстэрства. Працэс не спыняўся ні на хвіліну. Адказвалі за яго памочнікі Акаркова, а на змене працавалі нашы электрамеханікі: Уладзiмiр Камінскі, Іван Грузінскі, Ларыса Крэйдзікава, Нiна Малахава, Іван Шалонік, Мiкалай Гацко і іншыя.
Прылады ЭЦ і ГАЦ былі ўведзены ў эксплуатацыю ў верасні 1970 года. Мяне прызначылі старшым інжынерам СЦБ станцыі Наваполацк, і я ўдзячны лёсу, што некалькі месяцаў мне давялося працаваць пад кіраўніцтвам Уладзiмiра Акаркова. Гэта быў патрабавальны, але вельмі тактоўны чалавек.
У 1974 годзе на ўчастку Полацк – Бігосава былі ўведзены ў эксплуатацыю прылады ДЦ і ЭЦ на ўсіх станцыях. Кіраваў усім комплексам работ Акаркоў. Мне ён даручыў пусканаладачныя работы па станцыі Барковічы. Вопыт на станцыі Наваполацк дапамог мне якасна выканаць адпаведныя работы, і пасля ўводу ў эксплуатацыю новых прылад забяспечыць поўную безадмоўнасць у іх працы. На станцыі Наваполацк мне даводзілася вырашаць пытанні забеспячэння бяспекі руху цягнікоў з кіраўнікамі станцыі – Сяргеем Шылавым, Мiкалаем Крыловым, Вiктарам Халімоненкам, Аляксандрам Шматавым, Паўлам Ермаловічам… У далейшым, працуючы галоўным інжынерам дыстанцыі ў 1974 – 1987 гадах, сваімі сіламі былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю прылады ЭЦ на станцыях Загацце, Зябкі, Падсвілле, Параф’янаў, Варапаева, Паставы, Шаркаўшчызна, Міёры, Друя. Пуск прылад ЭЦ на кожнай станцыі даваў мне магчымасць атрымаць асалоду ад выкананай працы.
Працуючы на кіроўчых пасадах, я заўсёды атрымліваў тэхнічную дапамогу ад кіраўнікоў і работнікаў службы сігналізацыі і сувязі: Мiкалая Заблоцкага, Мiкалая Цыолты, Івана Аксюціка, Яўгена Клімашэўскага, Генадзя Новікава, Мiкалая Федзюковіча, Мiхаiла Курлукова, Фёдара Аверчука, Вячаслава Захаранкi, Яўгена Макарэвіча i iншых.
На працягу ўсёй працы ў дыстанцыі я займаўся наватарствам – падаў больш за сто рацыяналізатарскіх прапаноў.
У 1977 годзе я стаў лаўрэатам дарожнай прэміі імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава.
Працуючы старшым электрамеханікам, быў грамадскім інспектарам па бяспецы руху цягнікоў. Праводзіў праверкі на розных участках дыстанцыі, таксама браў удзел у праверках пры тэхнічных рэвізіях у Віцебскай дыстанцыі сiгналiзацыi i сувязi.
У Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі я працаваў 45 гадоў. Спачатку электрамеханікам, потым старшым электрамеханікам, начальнікам участка, галоўным інжынерам, намеснікам начальніка i начальнiкам дыстанцыі. Я – ганаровы чыгуначнік, выдатны работнік Беларускай чыгункі, узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны» (1986 год), ветэран працы з 1987-га» .