Праз полымя вайны
У мінулую нядзелю, 14 ліпеня, споўнілася 75 гадоў вызвалення Ваўкавыска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Яго акупацыя пачалася на другі дзень Вялікай Айчыннай. Нашы вайскоўцы змагалiся ў неверагодна цяжкiх умовах, але сiлы былі няроўнымi. Шмат пакутаў выпала на долю тых, хто застаўся ў жывых.
Адным з самых страшных месцаў у той час у Ваўкавыску было ўрочышча Парахаўня, дзе растралялi больш за 4 тыс. чалавек. Могілкамі для 366 сваіх жыхароў стала вёска Шавулічы, якую немцы цалкам спалілі 7 ліпеня 1943-га. Зараз там знаходзяцца мемарыяльныя комплексы.
Прадстаўнікі савета ветэранаў Ваўкавыскага чыгуначнага вузла імкнуцца захаваць памяць аб тых жудасных і гераічных падзеях. На аснове гiстарычных даведак яны падрыхтавалі сваю «Кнiгу памяцi». У раздзеле «Каб памяталі» сабралі звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай, якiя ў пасляваенны час амаль паўстагоддзя працавалi на чыгунцы ў Ваўкавыску. Гэта Міхаіл Гусак, Юлій Гацкевіч, Іван Селіверстаў.
Удзельнік вайны Васіль Мірашнічэнка ўзгадвае: «Самы першы бой – самы цяжкi. Ён адбыўся 28 красавiка 1942 года, калі мы прыкрывалi станцыю Харкаў… Навіну аб Перамозе я пачуў у Адэсе».
Заслугоўваюць вялікай пашаны і работнікі прыфрантавых участкаў дарог. Напрыклад, Анастасія Мірашнічэнка падчас вайны вывяла да партызан некалькі савецкіх вайскоўцаў. Капіталіна Грудзінская вырабляла зброю для фронта. Іван Пупкевіч працаваў на чыгунцы, Алена Матусевіч і Ірына Саўчынская былі весаўшчыкамі, Іосіф Піваварчык шыў адзенне.
Усiм, хто з годнасцю прайшоў праз полымя вайны і зрабіў унёсак у Перамогу, – пашана і падзяка за іх баявы і працоўны подзвіг!
Ганна АРЛОВА,
старшыня савета ветэранаў Ваўкавыскага вузла