У вянках лясоў і стужак рэк…
Клічаўскі край, размешчаны на заходнім ускрайку Магілёўшчыны, вабіць густымі лясамі, маляўнічымі рэкамі і азёрамі. Прасякнуты старажытнымі паданнямі, ён натхняе на паэтычную, пісьменніцкую ды іншую творчасць.
Лясы займаюць больш за палову тэрыторыі Клічаўскага раёна. Гэта адлюстроўваецца і на яго сучасным гербе – старажытны шляхетны «Любіч», вядомы яшчэ з ХІІ стагоддзя, размешчаны на фоне хваёвага дрэва.
– Часам ідзеш на працу праз лес, а там такое свежае паветра! І птушкі спяваюць на мноства розных галасоў! – распавядае дзяжурны па станцыі Нясята Ала Андрэева.
Пасля навучання ў аршанскім галіновым тэхнікуме (цяпер – каледж чыгуначнага транспарту) яна прыехала сюды працаваць. І адчувае, што за мінулы час пусціла карані на гэтай зямлі, лічыць яе роднай, сваёй сапраўднай малой радзімай. Менавіта на Магілёўшчыне нарадзілася і яе дачка. Дзяўчына вырасла ў Клічаўскім раёне. Як узгадвае яе маці, Яна да ўрокаў рыхтавалася пад гукі цягнікоў. Таму і не дзіўна, што пасля заканчэння школы пайшла на магістраль. Цяпер працуе дзяжурным па станцыі Задняпроўская ў Магілёўскім чыгуначным вузле.
– Нашы лясы багатыя на грыбы і ягады, – працягвае Ала Генадзьеўна. – А на балотах збіраюць шчодры ўраджай журавін.
І ў летне-асенні сезон шмат людзей прыязджаюць на станцыю Нясята, што размяшчаецца на лініі Магілёў – Асіповічы, амаль што пасярэдзіне ўчастку. Гэтая станцыя – найбуйнейшая ў Клічаўскім краі, знаходзіцца ад райцэнтра на адлегласці прыкладна 6 км.
Апроч лясных дароў вабіць падарожнікаў і прыгожая прырода, магчымасць адпачыць на берагах Бярэзіны, Ольсы ды іншых рэк. Сапраўдны цуд шчодрай зямлі – Рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Астравы Дулебы». Ён быў створаны ў 1998 годзе на тэрыторыі Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў. Агульная плошча заказніка – 26,6 тыс. га, у тым ліку на Клічаўшчыне – практычна палова. Раней частку прасторы займаў ваенны палігон. Асаблівы рэжымны статус тэрыторыі пэўным чынам паспрыяў захаванню прыроднага комплексу ў стане, блізкім да натуральнага. Ландшафтную аснову складаюць буйныя балоты (Дулебскае і Вялікае).
Менавіта тут бяруць пачатак некалькі рэк, ёсць шмат старых дрэваў, каштоўных раслін, сустракаюцца даволі рэдкія. Навукоўцы выявілі 709 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, якія адносяцца да 468 родаў і 116 сямействаў. Акрамя таго, дрэваў – 24 віды, кустоў – 45. Можна ўбачыць і 12 унікальных і знікаючых відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Знойдзены таксама шэраг дзікарослых дэкаратыўных, лекавых, харчовых ды іншых гаспадарча-карысных відаў раслін. Багаты і разнастайны жывёльны свет.
Назва заказніка мае старажытныя карані. На гэтай зямлі, як сцвярджаюць гісторыкі, калісьці жылі дулебы – прадстаўнікі славянскіх плямёнаў, якія пакінулі свой след на вялікай тэрыторыі ад цяперашняй Чэхіі да Пскоўскай вобласці Расіі.
А раённы цэнтр Клічаў, як мяркуюць даследчыкі мінуўшчыны, паходзіць ад вёскі Клічава, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1592 годзе ў складзе Вялікага княства Літоўскага. І надалей развіццё населеннага пункта было няпростым, поўным росквіту, заняпаду і адраджэння. У 1897-м, як адлюстравана ў хроніках, у мястэчку было 77 двароў, 360 жыхароў. Тут размяшчаліся народнае вучылішча, Свята-Троіцкая царква і габрэйскі малебны дом. Працавалі 4 крамы, столькі ж млыноў, карчма. У 1904 – 1914 гадах у Клічаве дзейнічаў шклозавод, на якім выраблялі бутэлькі, аптэчны, хімічны ды іншы посуд. Адкрылі яшчэ адну сінагогу.
З цягам часу вытворчы патэнцыял узмацняўся. Ужо ў 1940-м дзейнічалі маслазавод, два хлебазаводы, абутковая, швейная і кандытарская арцелі, завод безалкагольных напояў, ляспрамгас. Быў перыяд, калі Клічаў уваходзiў у склад Бабруйскай вобласці, а потым – Кіраўскага раёна Магілёўскай. Клічаўскі раён быў створаны толькі ў 1965-м, а яго цэнтр набыў статус горада ў 2000-м. Яшчэ праз пяць гадоў зацвердзілі яго герб і сцяг.
Цяжкім выпрабаваннем для мясцовых жыхароў стаў перыяд фашысцкай акупацыі. Захопнікі стварылі гета, у якое сагналі каля 600 яўрэяў (на той момант доля прастаўнікоў гэтай нацыянальнасці ў Клічаве складала амаль што 20%). Людзі адказалі фашыстам самаадданай партызанскай барацьбой. Дзякуючы вялікім лясам і балотам народныя мсціўцы стварылі партызанскую зону, а ў чэрвені 1942 года – першы ў Беларусі партызанскі аэрадром.
Клічаўскі раён па сваёй плошчы (каля 1,8 тыс. квадратных кіламетраў) – адзін з самых вялікіх у Магілёўскай вобласці. Пры гэтым колькасць насельніцтва ледзь перавышае 15 тыс. чалавек. На тэрыторыі раёна – 26 азёр і 29 рэк, 39 помнікаў прыроды (сярод іх 2 – рэспубліканскага значэння).
Захопнікі рэгулярна праводзілі карныя аперацыі. Іх ахвярамі станавіліся не толькі партызаны, але і вясковыя жыхары, якія іх падтрымлівалі. Фашысты спалілі некалькі вёсак. У 1945-м у напамін аб гэтых падзеях ля вёскі Усакіна Клічаўскага раёна заклалі мемарыяльны комплекс. Цяпер там можна не толькі аддаць даніну павагі нашым суайчыннікам, якія загінулі ў полыме Вялікай Айчыннай, але і зазірнуць у адноўленую зямлянку, пазнаёміцца з побытам партызан.
У пасляваенны перыяд у Клічаўскім раёне пашыралася дрэваапрацоўчая прамысловасць, якая і дагэтуль адыгрывае значную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Пра подзвігі Вялікай Айчыннай нагадваюць Курган Славы, брацкія магілы. Некалькі помнікаў прысвечаны землякам, якія загінулі ў Афганістане.
Значны ўнёсак у захаванне памяці пра мінулае нашага народу зрабіў пісьменнік Леанід Дайнека. Ён нарадзіўся на Клічаўскай зямлі ў вёсцы Змітраўка ў студзені 1940-га, скончыў БДУ і працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, а потым на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. Выявіў сябе як творчая асоба і быў адказным сакратаром часопіса «Маладосць», супрацоўнікам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Леанід Марцінавіч дэбютаваў у друку ў 1961 годзе. Потым рэгулярна рыхтаваў зборнікі вершаў: «Галасы», «Бераг чакання», «Мая вясна саракавая», «Вечнае імгненне». Лейтматывы твораў – услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Дайнекі пакладзены на музыку. У яго літаратурнай спадчыне ёсць і зборнік апавяданняў «Бацькава крыніца», а таксама вялікіх празаічных твораў.
Аднак найбольшую вядомасць аўтару прынеслі гістарычныя раманы. «Меч князя Вячкі» (1987 г.) – пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў ХІІІ ст., «След ваўкалака» (1988 г.), у якім распавядаецца пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча (Усяслава Чарадзея), «Жалезныя жалуды» (1990 г.) – пра ранні этап станаўлення Вялікага княства Літоўскага. У 2008-м выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзея якога адбываецца ў XV – XVI стст. у Рыме, ВКЛ і Канстанцінопалі.
З падзеямі больш позняга перыяду звязаны ўраджэнец Клічаўскай зямлі Ігнат Грынявіцкі, чыя малая радзіма – вёска Калінаўка. Менавіта ён 1 сакавіка 1881 года кінуў бомбу і забіў цара Аляксандра II, а сам быў смяротна паранены. Ігнат нарадзіўся ў сям’і дробнамаёнткавага шляхціча-каталiка. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Беластоцкай гімназіі. Потым быў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Яго паплечнікі-рэвалюцыянеры адзначалі, што ён быў шчырым патрыётам роднай зямлi.
Сярод ураджэнцаў Клічаўскай зямлі былі і вынаходнікі, медыкі, дыпламаты. Найбольш вядомы літаратар – Анатоль Кудравец, які нарадзіўся ў вёсцы Аколіца. Ён скончыў Слуцкае педвучылішча, аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў настаўнікам, рэдактарам на Беларускім радыё, літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам выдавецтва «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», на працягу 20 гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Акрамя таго, займаўся перакладамі.
Шмат паэтычных радкоў роднай зямлі прысвяціла паэтка Марыя Шаўчонак з вёскі Новы Востраў Клічаўскага раёна. Урывак з яе верша – бы даніна павагі малой радзіме ад усіх землякоў:
Яна мне дадзена адзіная
На ўсё жыццё, на цэлы век.
Мая адзіная, радзімая
ў вянках лясоў і стужак рэк.
Руслан АНАНЬЕЎ