Прасякнута рамантыкай
Каб убачыць вежу Эйфеля і пашпацыраваць па квітнеючых вуліцах французскай сталіцы, можна не набываць білеты ў горад кахання. Для гэтага дастаткова завітаць на вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі.
Калі з цэнтральнага ўваходу ў вакзал на экскалатары падняцца і накіравацца ў бок канкорса, а затым павярнуць направа, хутка можна патрапіць на прыгожую веснавую вуліцу французскай сталіцы. Рамантыкай гэтага горада прасякнута новая фотазона, якую адкрылі на галоўным чыгуначным вакзале Беларусі.
Амаль кожны пасажыр, убачыўшы такую прыгажосць, запавольвае крок ці спыняецца, каб атрымаць асалоду ад парыжскага пейзажу. Многія дастаюць тэлефоны і робяць фота. І адным-двума здымкамі звычайна справа не абмяжоўваецца, а ператвараецца ў вялікую фотасесію.
Напрыклад, можна зрабіць рамантычнае фота на фоне вежы Эйфеля ці кола агляду. А яшчэ – зазірнуць у кветкавую краму ці падысці да гандляра марожаным. Асабліва рамантычныя натуры могуць прысесці на лаўку пад квітнеючай вішняй, заплюшчыць вочы і павольна загойдацца на хвалях французскай пастаралі. Самыя смелыя і летуценныя, зірнуўшы на паветраныя шары, могуць нібыта ўзняцца над зямлёй, адарвацца ад паўсядзённых клопатаў і надыхацца свежым паветрам, убачыць новыя гарызонты свайго жыцця.
– Вясна – найцудоўнейшая пара года. З гэтым пагаджаюцца ўсе: песімісты і аптымісты, рэалісты і рамантыкі, – адзначае інжынер па рэкламе станцыі Мінск-Пасажырскі і куратар творчага праекта фотазоны Кацярына Гаўрыленка. – Таму мы і вырашылі напоўніць новую фотазону фарбамі і эмоцыямі абуджэння прыроды ў легендарным Парыжы.
Каб зрабіць пасажырам такі натхняльны падарунак, аўтары абмеркавалі канцэпцыю праекта загадзя, яшчэ ўзімку. Вельмі хацелі добра прапрацаваць дэталі, яскрава перадаць цёплую і натхняльную атмасферу горада кахання.
І відавочна, што ў іх гэта атрымалася. Новая фотазона можа стаць такой жа прыцягальнай і папулярнай, як і іншыя, раней створаныя на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі. Дагэтуль можна было, напрыклад, на пэўны час апынуцца ў чароўным свеце Гары Потэра, завітаць у калядны дом, стаць уяўным пасажырам «Палярнага экспрэсу» ці пад сонечнымі промнямі спякотнага лета адправіцца на станцыі, размешчаныя далёка ад вялікага горада.
Руслан
АНАНЬЕЎ