Февраль
Вс
09
2025

Чыгунка. Натхненне. Жыццё

Што сімвалізавала чыгунка ў творах класікаў беларускай і рускай літаратуры? Адказ на гэта пытанне паспрабаваў знайсці навучэнец транспартнага класа сярэдняй школы № 16 у Баранавічах Данііл Ляцецкі. Асноўнымі тэзісамі яго даследчай працы з чытачамі галіновага выдання дзеліцца настаўнік беларускай мовы і літаратуры ўстановы адукацыі Святлана Махахей.

У гэтым навучальным годзе на базе нашай сярэдняй школы быў адкрыты профільны 10-ты клас, які аб’яднаў хлопчыкаў і дзяўчынак, што захацелі звязаць свой лёс з чыгункай. Працэс вучобы ў гэтым класе насычаны і дынамічны: экскурсіі на прадпрыемствы і станцыі Баранавіцкага аддзялення і не толькі, наведванне галіновых музеяў, удзел у святочных і юбілейных мерапрыемствах, флэшмобах і іншых падзеях. А яшчэ яны – творчыя асобы. Напрыклад, у бягучым навучальным годзе старшакласнік Данііл Ляцецкі выступіў на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі юных вучоных са сваёй даследчай працай «Вобраз чыгункі ў творах класікаў беларускай і рускай літаратуры».
– Я мару стаць машыністам, – расказвае Данііл. – Гэта прафесія прываблівае магчымасцю заўсёды рухацца, перамяшчацца ў прасторы, наведваць новыя гарады і краіны. Так, яна патрабуе добрага ведання фізікі, матэматыкі і інфарматыкі. Але ж я ў душы рамантык, вельмі люблю літаратуру і таму вырашыў паўдзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі «Моладзь. Творчасць. Інтэлект». Як будучага чыгуначніка мяне зацікавіла пытанне, калі і як у літаратуры ўзнік вобраз чыгункі.
Так з’явілася на свет навукова-даследчая праца, у якой сабрана шмат цікавых фактаў. Напрыклад, у 1837-м пачала дзейнічаць першая ў Расіі і шостая ў свеце чыгунка, а праз чвэрць стагоддзя – першая беларуская лінія Гродна – Парэчча. На той час гэта было прыкладна толькі 1% усёй плошчы Расійскай імперыі, дзе тым не менш было засяроджана 10% усёй чыгуначнай сеткі. У 1913-м гэты паказчык увогуле быў амаль удвая вышэйшы ў параўнанні з еўрапейскай вобласцю Расіі. З гэтага моманту магістраль стала не толькі неад’емнай часткай жыцця людзей і развіцця тэхнічнага прагрэсу, але і трывала ўвайшла ў літаратуру. Цяжка было назваць пісьменніка XIX – XX стагоддзяў, які ў сваёй творчасці не звяртаўся б да яе.
У сваім даследаванні разнастайнасць паняцця «чыгунка» Данііл разглядаў на прыкладзе твораў класікаў беларускай і рускай літаратуры: паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа, вершаў «Чыгунка» Мікалая Някрасава, «Мяжы» Максіма Багдановіча і «На чыгунцы» Аляксандра Блока, рамана «Ганна Карэніна» Льва Таўстога, апавядання «Кветка пажоўклая» Міхася Зарэцкага. Пры іх аналізе было выяўлена шмат цікавага. Высветлілася, напрыклад, што чыгунка – гэта не толькі шлях.
У літаратуры яе вобраз мае нашмат больш значэнняў, якія дапамагаюць чытачу глыбей усвядоміць і зразумець творы класікаў, іх погляды на жыццё і грамадства, на адносіны чалавека да прыроды. Напрыклад, яна сімвалізуе такія працэсы, як рух, выпрабаванне, абнаўленне, пошук лірычным героем гармоніі з навакольным асяроддзем. Чыгунка – гэта і родная зямля з яе цяжкай працай, яна становіцца сімвалам светлай мары аб шчаслівай будучыні.
У любоўнай лірыцы магістраль сімвалізуе сустрэчы, расстанне і нават смерць галоўных герояў. Яскравым прыкладам сталі гераіні твораў «Кветка пажоўклая» Міхася Зарэцкага і «Ганна Карэніна» Льва Таўстога.
Часта вобраз чыгункі выкарыстоўваецца аўтарамі як сюжэтаўтваральны, можа быць адной з цэнтральных тэм. Напрыклад, у Някрасава ён выцякае са спосабу апавядання: паказу краіны вачыма герояў. Чыгунка, па якой едзе паэт, асацыюецца з роднай зямлёй, Радзімай. «Нет безобразия в природе! И кочки, и моховые болота, и пни – все хорошо под сиянием лунным».

Данііл Ляцецкі (у цэнтры) з аднакласнікамі

Калі ў творах Аляксандра Блока, Льва Таўстога і Міхася Зарэцкага чыгунка з’яўляецца скразной тэмай, то ў паэме «Новая зямля» Якуба Коласа адыгрывае сюжэтаўтваральную і ідэйную ролю, якая пачынаецца з раздзелу «Па дарозе ў Вільню» і працягваецца ў наступных – «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары». У шэрагу шматлікіх «дарог жыцця» паездка Антося ўяўляе сімвалічную дарогу, з ёй былі звязаны вялікія надзеі на набыццё асабістай зямлі. Чыгунка тут стала сімвалам светлай мары аб шчаслівай будучыні. Сімвалам прагрэсу, сілы, творчай энергіі перадавой чалавечай думкі з’яўляецца рух «машыны», з якім Якуб Колас параўноўвае лёгкі і хуткі палёт «вольнай арліцы»: «Ляціць стралою, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша».
У трылогіі беларускага пясняра «На ростанях» вобразы цягніка і чыгункі ператвараюцца ў штодзённыя з’явы, якія спрыяюць развіццю жыццёвага руху і гармоніі: «Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў… Ізноў шуміць машына, ізноў заліваюцца салаўі».
Галоўнага героя трылогіі Андрэя Лабановіча чыгунка падштурхоўвае да роздуму, самааналізу. Імклівы «рух у стане спакою» абуджае перажыванні, вымушае ў грукаце колаў пачуць асабістае: «Дружна грукацелі колы. Іх грук зліваўся часамі ў нейкія дзіўныя спевы, і варта было падабраць словы, каб колы зараз жа выстукалі матыў да іх. Або наадварот: часамі матыў выклікаў словы… Лабановіч хацеў і не чуць іх, а яны ўпарта лезлі ў вушы: «Уцякай! Уцякай! Уцякай!» Каму казалі гэта колы: сабе ці яму?..»
З чыгункай звязаны і выпрабаванні, якія выпадаюць на долю настаўніка, пошукі ім самога сябе, свайго шчасця і сэнсу жыцця: «Дарога – вялікая яна ці малая – кожны раз хвалявала Лабановіча і настройвала яго думкі і пачуцці на салодка-журботны лад. Месца, якое ён пакідаў і з якім ужо звыкся, паўставала ў іншым святле і афарбоўцы, і тое, чаго ён раней як бы не заўважаў, станавілася дарагім і блізкім і з ім шкада было разлучацца».
Адпавядаючы рамантычнаму свету героя, чыгунка адлюстроўвае вехі яго асобавага і прафесійнага развіцця і сталення, чаканне новага і жаданне перамен: «Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей… Прамільгнула думка, што, знікшы на павароце чыгункі, поезд паклаў сабою рубеж паміж тым, што было раней, і тым, што было наперадзе». Для настаўніка чыгунка стала стымулам да творчасці, да пошуку сапраўднага шляху ў жыцці. Яна сімвалізуе надзею на тое, што такі шлях стане лёсам ягоных нашчадкаў. Знешні імклівы рух цягніка прымушае Лабановіча рухацца да пастаўленых мэтаў: «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш!», – думае настаўнік.
Так думаюць і вучні нашай школы. Вобраз сталёвай магістралі ўжо цяпер стаў знакавым у іх жыцці, многія мараць стаць чыгуначнікамі. Тымі, хто дорыць усёй краіне радасць падарожжаў, стасункаў з рознымі людзьмі, ды часам і проста знаёмства ў купэ цягніка!

Яндекс.Метрика