У госці да ратавальнікаў
У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечныя канікулы» хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць прышкольныя лагеры, прыходзяць у госці да ратавальнікаў.
Падчас летніх вакацый работнікі Кастрычніцкага РАНС ладзяць для школьнікаў цікавыя і карысныя экскурсіі ў пажарныя часці. Маленькія госці знаёмяцца з асаблівасцямі арганізацыі побыту дзяжурнай змены: ім дэманструюць каравульныя памяшканні, цэнтр аператыўнага кіравання, гараж з пажарнай тэхнікай і ўзбраеннем, а таксама магчымасці пажарнага абсталявання.
Дзеці могуць апрануць баявое адзенне ратавальнікаў, патрымаць у руках і адчуць вагу інструмента, які выкарыстоўваецца падчас працы на пажары, забрацца ў пажарную машыну. Школьнікі актыўна задаюць пытанні аб рабоце ведамства і цікавых сітуацыях, з якімі прыйшлося сутыкнуцца пажарным.
Даведаўшыся пра тое, якая складаная і небяспечная ў ратавальнікаў прафесія, госці абяцаюць абавязкова выконваць усе правілы бяспекі, каб лета прыносіла толькі радасць.

