Сентябрь
Чт
11
2025

З любоўю да роднага слова

Сёлета ХXXII Дзень беларускага пісьменства прымала Ліда Гродзенскай вобласці. Гэты старажытны горад на мінулых выходных стаў сталіцай культурнага жыцця краіны. Праграма фестывалю была насычаная і разнастайная. Удзел у гэтым маштабным мерапрыемстве прынялі і чыгуначнікі, якія адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі форуму.

Традыцыйна ў першую нядзелю верасня святкуецца Дзень роднай мовы. У мінулым годзе свята беларускай духоўнасці ладзілі Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Гэтай восенню цэнтрам літаратурных падзей стала Ліда. Гэта адзін з найбуйнейшых гарадоў краіны, які мае вельмі багатую гісторыю. Ён заснаваны ў 1323 годзе вялікім князем літоўскім Гедзімінам і атрымаў сваю назву ад ракі Лідзеі. Адным з найважнейшых абарончых збудаванняў таго часу быў Лідскі замак, які ў мінулым годзе наведалі больш за 130 тыс. турыстаў!
Увагу гасцей горада прыцягвае і касцёл Узвышэння Святога Крыжа – помнік архітэктуры віленскага барока, ён збудаваны ў XVIII стагоддзі.
Лідчына багатая на таленавітых людзей, якія сталі вядомымі і за межамі нашай краіны. Менавіта тут нарадзіліся акадэмік Аркадзь Мігдал, гісторык літаратуры Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, спартсмен Валерый Цыленьць.
Ліда – гэта месца, дзе пераплятаюцца гісторыя і сучаснасць, дзе кожны куток захоўвае свае таямніцы і ўспаміны. Сёння гэта сучасны культурны рэгіён Гродзеншчыны, дзе функцыянуе 25 найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў.

Свята роднай мовы

Сёлета мы адзначылі 80­годдзе Вялікай Перамогі, таму гэта юбілейная дата стала адной з асноўных тэм свята. Праграма форуму прадугледжвала таксама мерапрыемствы, якія былі прысвечаны Году добраўпарадкавання і 500­годдзю з дня першай публікацыі кнігі «Апостал» Францыска Скарыны.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята намеснік прэм’ер­міністра Наталля Пяткевіч адзначыла, што «Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі». Наталля Уладзіміраўна перадала прывітальны адрас удзельнікам і гасцям фестывалю ад Прэзідэнта Беларусі.
«Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства – святам друкаванага слова, культуры і духоўнасці нашай нацыі, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Сёлета яно адзначаецца на гасціннай Гродзенскай зямлі, у вядомым сваёй багатай гісторыяй горадзе Лідзе. Гэта знакавая падзея зноў і зноў звяртае кожнага з нас да гістарычнай памяці і традыцый продкаў, спрадвечных чалавечых каштоўнасцей, якія ў тым ліку праз кнігу выхоўваюцца з маленства: добразычлівасць і імкненне да ведаў, павага да чалавека і яго працы, сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны. Упэўнены, што адказнае і пераканаўчае слова пісьменнікаў, ваша цвёрдая патрыятычная пазіцыя і надалей будуць спрыяць умацаванню адзінства беларускага народа і развіццю роднай краіны». Прэзідэнт пажадаў усім добрага здароўя, шчасця і творчага плёну ў супольнай працы на карысць Беларусі.
Шмат цёплых слоў сказалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Афіцыйнае адкрыццё форуму адбылося ў фармаце тэатралізаванага паказу – гістарычнага падарожжа праз прызму гісторыі і сучаснасці Лідчыны. З галоўнай сцэны гучалі не толькі вершы беларускіх паэтаў, але і песні, напісаныя паводле іх твораў. У аснове канцэртнай праграмы была паэзія класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Квітней, любімы горад!

Шмат часу жыхары Ліды прысвяцілі падрыхтоўцы да форуму. Усё павінна быць у лепшым выглядзе! Зрабілі нямала: адрамантавалі бібліятэку, кнігарню, добраўпарадкавалі тэрыторыю каля Лідскага замка, распрацавалі новы турыстычны маршрут «Месцы сілы на Лідчыне» . Да свята ўстанавілі арт­аб’ект «Верабейкі» лідскага скульптара Рычарда Грушы. Работа створана паводле верша беларускага паэта Валянціна Таўлая.
Свой унёсак у правядзенне мерапрыемства зрабілі і працаўнікі чыгункі.
– Мы ганарымся, што наш горад стаў цэнтрам культурнага свята. Многія з гасцей форуму прыехалі на цягніках, таму мы прыклалі шмат намаганняў, каб яны адчувалі сябе ўтульна ўжо на вакзальным пероне, – распавёў начальнік станцыі Ліда Андрэй Абрамчук. – Дзякуючы мерапрыемству тысячы жыхароў нашай краіны і турыстаў з­за мяжы даведаюцца пра культуру, традыцыі і гісторыю Беларусі.
Намеснік кіраўніка лака­матыўнага дэпо Ліда Аляксандр Банцэвіч адзначыў, што ў горадзе вельмі часта праходзяць шматлікія форумы. Але Дзень беларускага пісьменства гэта гасцінная зямля прымае ўпершыню!
– На такім мерапрыемстве можна азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі на роднай мове, сустрэцца з літаратарамі і журналістамі, наведаць тэматычныя майстар­класы. Праграма вельмі насычаная і цікавая, таму кожны абавязкова знойдзе сабе занятак, – падзяліўся Аляксандр Андрэевіч.
Ён нагадаў, што напярэдадні свята чыгуначнікі прэзентавалі гораду падарунак. У Лідскім гісторыка­мастацкім музеі ў рамках праекта «Вся наша жизнь – железная дорога» адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы «Книги народной славы Лидского железнодорожного узла». У гэтым выданні адлюстраваныя заслугі лідчан.

Сустрэчы, прэзентацыі, выставы…

Святочная праграма цешыла і натхняла. Дзясяткі аматараў роднай мовы прынялі ўдзел у навукова­практычнай канферэнцыі «Лідскія чытанні», якая прайшла ў Лідскім гісторыка­мастацкім музеі. Мерапрыемства арганізавана сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Шмат аматараў роднага слова сабраў Фестываль кнігі і прэсы. У гэтым годзе асаблівая ўвага – рэгіёнам. Кожная вобласць прэзентавала свой літаратурны патэнцыял, а таксама навінкі ў кнігавыданні. Горад наведалі дэлегацыі рэгіянальных саюзаў пісьменнікаў.
У Лідскім музеі прадставілі выставу з фондаў музея «Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі», прымеркаваную да 80­годдзя Вялікай Перамогі.
На турыстычнай пляцоўцы прайшла прэзентацыя новага спецыяльна распрацаванага да свята маршруту «Места силы на Лидчине». На той жа вуліцы чакалі аматараў спорту і актыўнага ладу жыцця. Тут адкрылася інтэрактыўная пляцоўка «Книга и спорт – движение вперед».
Жыхароў і гасцей горада таксама чакала насычаная канцэртная праграма. Культурны марафон талентаў «Ліда мову ўслаўляе і гасцей усіх вітае!». Два дні тут гучалі харавыя песні. На другой сцэне, якая адкрылася на вуліцы Савецкай, прайшоў «Лідскі ХОР­ФЭСТ».
Вялікая Айчынная вайна змяніла жыццё мільёнаў жыхароў нашай краіны. Ужо 80 год мы жывем пад мірным небам і за гэта абавязаныя нашым дзядам і прадзедам. Напрыканцы першага дня святкавання чыгуначнікі ўшанавалі памяць салдат мінулай вайны ў мемарыяльным комплексе «Курган Славы». 

Сваё – у пашане

На свяце падвялі вынікі конкурсу вершаў аб Лідскім замку «Голас стагоддзяў». А на галоўнай сцэне Ліды прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Хвала рукам, что пахнут хлебом».
Увагу многіх прыцягнуў Горад майстроў, дзе сваю творчасць прадстаўлялі мастакі, вышывальшчыцы, вязальшчыцы і многія іншыя. Дарэчы, лідскія чыгуначнікі вельмі раілі азнаёміцца з гэтай лакацыяй.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця свята вымпел сталіцы Дня беларускага пісьменства – 2026 перайшоў Касцюковічам Магілёўскай вобласці. Эстафету прыняў старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Вячаслаў Максачоў з рук старшыні Лідскага райвыканкама Аляксанд­ра Вярсоцкага.
Кожнае свята беларускага пісьменства непаўторнае і запамінальнае. Яно натхняе на чытанне кніг, вандроўкі па Беларусі і, канешне, на любоў да роднага слова. Упэўнены, такім гэты Дзень будзе і ў Касцюковічах.
Упершыню Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Полацку ў 1994 годзе напрыканцы жніўня. Дарэчы гэты горад прымаў форум тры разы! У 1998­м свята мовы і культуры атрымала статус дзяржаўнага. Яго адзначаюць у першую нядзелю верасня. Раней мерапрыемствы праходзілі ў Тураве, Наваградку, Нясвіжы, Оршы, Пінску і іншых гарадах.

Вольга ПЛЮХАЕВА

Яндекс.Метрика