Няхай гучыць роднае слова!

У Касцюковічах прайшоў XXXIII Дзень беларускага пісьменства. На свяце пабывалі і прадстаўнікі Беларускай чыгункі.

Гэтае свята праводзіцца з 1994 года. Традыцыйна яго сталіцамі з’яўляюцца гарады, якія сталі гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Ганаровы статус ужо насілі Полацк, Тураў, Заслаўе, Нясвіж, Слонім, Ліда, Мсціслаў, Шклоў, Быхаў, Бялынічы… Цяпер свята прынялі Касцюковічы, чыя гісторыя вядзецца з 1508 года. Гэты край – радзіма цэлай плеяды яркіх зорак беларускай літаратуры: Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Васіля Хомчанкі, Аляксея Русецкага і іншых. Шасці яго ўраджэнцам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, двое сталі поўнымi кавалерамі ордэна Славы. Сёння Касцюковіцкая зямля ўяўляе сабой рэгіён, які дынамічна развіваецца і дзе паспяхова функцыянуе сучасная інфраструктура.
Удзельнікаў і гасцей XXXIII Дня беларускага пісьменства з традыцыйным восеньскім святам самабытнай нацыянальнай культуры і яе багатай духоўнай спадчыны павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія сустрэчы майстроў, друкароў і аматараў мастацкага слова з’яўляюцца нязменнай крыніцай мудрасці продкаў, жывога дыялогу паміж людзьмі і сродкам фарміравання ў грамадстве агульначалавечых каштоўнасцяў. «Сёлета гасцей прымае паэтычная Касцюкоўшчына – край шумлівых бароў і старажытных храмаў, радзіма выбітных беларускіх класікаў Аркадзя Куляшова і Івана Чыгрынава. Упэўнены, што менавіта на гэтай зямлі кожны зможа дакрануцца да сапраўдных літаратурных скарбаў нашага народа, пачуць гучанне роднай мовы, адкрыць для сябе новыя імёны і творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Горад гасцінна расчыніў свае дзверы для свята, якое сабрала тысячы ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў нашай краіны. На гэты раз асноўнымі тэмамі мерапрыемстваў сталі Год беларускай жанчыны, 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры і пяцігодка якасці. У Касцюковічах разгарнуліся дзясяткі цікавых лакацый і на кожнай хацелася пабываць.

Начальнік станцыі Камунары Вольга Кіхно

Пачатак імпрэзе паклала святочная служба ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме. Адным з цэнтральных мерапрыемстваў стала цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXXIII Дня беларускага пісьменства і ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Асаблівасцю свята ў Касцюковічах стаў павільён рэдкай кнігі, у якім былі прадстаўлены ўнікальныя выданні з усёй краіны, а «Кабінет пісьменніка» прэзентаваў рукапісы, асабістыя рэчы, фатаграфіі і архіўныя дакументы беларускіх майстроў слова. Касцюковіцкі краязнаўчы музей адкрыў экспазіцыю, прысвечаную пісьменнікам-землякам – Алесю Пісьмянкову, Аркадзю Куляшову і Івану Чыгрынаву, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Тут жа на вуліцы Ленінскай працаваў фестываль «Кнігі і прэсы», у рамках якога свой патэнцыял прадставілі ўсе рэгіёны краіны. Асаблівую ўвагу прыцягнуў павільён Магілёўскай вобласці, адбыліся таксама прэзентацыі кніг, прысвечаных Касцюковіцкаму краю, квэсты, мастацка-паэтычны вернісаж, прадстаўленне турыстычнага патэнцыялу – рэгіён адкрыўся сваім гасцям з самых розных бакоў.
Ярка і з душой горад дапамог сваім гасцям пагрузіцца ў гістарычную атмасферу, паўдзельнічаць у захапляльных інтэрактывах, сустрэцца з ужо вядомымі і пачынаючымі аўтарамі. Арганізатары не забыліся і пра юных чытачоў, запрасіўшы іх на калядную дзіцячую інтэрактыўную лакацыю «Дзень цудоўнай кнігі» з прэзентацыямі, гульнёвымі праграмамі, конкурсамі. На гарадскіх вуліцах можна было ўбачыць вобразы кнігадрукароў, летапісцаў і класікаў беларускай літаратуры. Працавалі ведамасныя і галіновыя павільёны, у прыватнасці, Нацыянальнай бібліятэкі, «Белпошты» і вядучых айчынных выдавецтваў. Адбылася і цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных ХXXIII Дню беларускага пісьменства. А на галоўнай сцэне ўзнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
Касцюковічы запрашалі, здзіўлялі і частавалі, разгарнуўшы каля 600 м гандлёвых радоў. Усе ахвочыя змаглі прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні на гастранамічным фестывалі, набыць сувеніры ў Горадзе майстроў. Аб маштабным свяце жыхарам Касцюковічаў будзе нагадваць і новая славутасць – скульптурная кампазіцыя «Алесь і Алеся». Для яе аўтара Аляксандра Мінькова гэта глыбока асабісты праект, паколькі Касцюковіцкі раён – малая Радзіма яго бацькі. Яркім акцэнтам урачыстасці стала таксама адкрыццё мурала на адным з дамоў горада – шматпавярховік упрыгожылі выявы Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава і Алеся Пісьмянкова.
Знаёмства з райцэнтрам для многіх пачыналася са станцыі Камунары. Гэтыя «транспартныя вароты» Касцюковічаў прыкметна змяніліся да свята дзякуючы намаганням чыгуначнікаў Магілёўскага аддзялення. І, вядома, яны былі ў ліку наведвальнiкаў мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства.
– Мы ўжо з раніцы чакалі гасцей. На станцыю 5 верасня цягнікамі прыбылі прыкладна дзвесце чалавек, – распавяла начальнік станцыі Камунары Вольга Кіхно. – Пабывалі на свяце і чыгуначнікі. Кожная вобласць прадэманстравала тэматычныя экспазіцыі і некаторыя мы наведалі, былі прэзентацыі кніг, інтэрактыўных праектаў. Праводзіліся розныя конкурсы, гучала музыка, хадзілі людзі ў гістарычных строях, рыцары. Было шмат гасцей, журналістаў, і ў цэлым горад змяніўся!
У ветэрана станцыі Камунары Ірыны Старавойтавай уражанні ад Дня беларускага пісьменства засталіся толькі самыя станоўчыя. На заслужаны адпачынак Ірына Аляксандраўна выйшла ў 2025-м, прысвяціўшы роднаму прадпрыемству 36 гадоў, таму для яе свята стала яшчэ і чарговай нагодай сустрэцца з былымі калегамі.
– Мы шмат размаўлялі і дзяліліся ўражаннямі. Горад стаў больш сучасным, прыгожым і ўтульным. Шмат людзей прыйшлі на мерапрыемствы Дня пісьменства, і паглядзець сапраўды было на што. Рада, напрыклад, таму, што цяпер у Касцюковічах ёсць вельмі прыгожая скульптура «Алесь і Алеся», – падзялілася Ірына Старавойтава. – Я пабывала на вячэрнім гала-канцэрце ХXXIII Дня беларускага пісьменства. Жывая музыка, выдатныя выканаўцы, яркi феерверк – усё было прыгожа і душэўна. Незабыўныя ўражанні! Запрашэнне на канцэрт я ўжо паклала ў сваю шкатулку прыемных успамінаў, дзе захоўваю прадметы, якія нагадваюць аб такіх падзеях. Хачу падзякаваць усім, хто падарыў Касцюковічам гэтае свята. Такія маштабныя мерапрыемствы вельмі важныя для жыхароў невялікіх гарадоў. Упэўнена, што Дзень беларускага пісьменства запомніцца не толькі мне.
Усіх мерапрыемстваў, якімі радаваў ХХХІІІ Дзень беларускага пісьменства, і сапраўды не пералічыць у адным матэрыяле. У сваю чаргу Касцюковічы кажуць «да спаткання» і перадаюць эстафету Маладзечна – менавіта гэты горад стане сталіцай свята ў 2027 годзе.

Обзор конфиденциальности

На этом сайте используются файлы cookie, что позволяет нам обеспечить наилучшее качество обслуживания пользователей. Информация о файлах cookie хранится в вашем браузере и выполняет такие функции, как распознавание вас при возвращении на наш сайт и помощь нашей команде в понимании того, какие разделы сайта вы считаете наиболее интересными и полезными.