Май
Вс
19
2024

Вуліца Першукевіча

Напрыканцы 1980-х, калі я прыехаў у Баранавічы на выхадныя з Мінска, дзе вучыўся ў ВНУ, маці мне сказала: «А нашу вуліцу пераймянуюць. Цяпер яна будзе насіць імя Першукевіча».

Мая родная вуліца пачынаецца ад воданапорнай вежы каля вакзала станцыі Баранавічы-Палескія і цягнецца ў бок Жлобінскага возера. «За царом» была Лясной. Ужо тады па ёй правялі вадаправод ад возера да чыгуначнай станцыі. Таму «за польскім часам» яе называлі Wodociagowa, а пасля імем польскага інжынера і авіяканструктара Вігуры. У 1939 годзе вуліца стала Першамайскай, а пасля вызвалення Баранавічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – Вадаправоднай.
Не раз задумваўся: «А хто ж такі Першукевіч?». Гэтае пытанне заставалася без адказу да нядаўняга часу, пакуль Культурна-спартыўны цэнтр Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі не абвясціў конкурс літаратурнай творчасці. Неабходна было напісаць эсе або нарыс пра знакамітага чыгуначніка.
Правёўшы ўласнае расследаванне, я даведаўся, што Іван Першукевіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пятрэвічы Баранавіцкага раёна. Падчас Першай сусветнай вайны яго сям’я пераехала ў Оршу. Там Іван працаваў маляром, скончыў школу фабрычна-завадскога навучання і ўладкаваўся на працу ў дэпо Орша слесарам. У 1934 – 1936 гадах праходзіў службу ў Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў роднае дэпо і стаў машыністам.
У 1939-м, пасля заканчэння тэхнічнай школы на станцыі Волхаўбуд пад Ленінградам, атрымаў размеркаванне ў паравознае дэпо Кем Кіраўскай чыгункі. У чэрвені 1941 года быў узнагароджаны знакам «Ударнік Сталінскага прызыву». Напачатку вайны Іван падаў рапарт аб адпраўцы на фронт, але яму адмовілі. Праца на магістралі – таксама вялікая дапамога фронту.
…Варожая авіяцыя базіравалася на фінскіх аэрадромах. Фіны перарэзалі магістраль Мурманск – Волхаўбуд і захапілі Петразаводск. Але разрэзаная на часткі Кіраўская магістраль працягвала жыць і працаваць, нягледзячы на спробы варожай авіяцыі і дыверсантаў яе разбурыць. У гэтых складаных умовах машыніст Іван Першукевіч стаў ініцыятарам хуткаснага вядзення франтавых эшалонаў. Саставы рухаліся пад амаль што няспынным агнём ворага. Так, восенню 1941-га, дзякуючы майстэрскаму манеўраванню атрымалася ўхіліцца разгрому эшалона з боепрыпасамі. Такая «дуэль» адбывалася амаль кожную паездку. Аднойчы снарадам знесла верх будкі машыніста, але брыгада адрамантавала пашкоджаны лакаматыў і павяла састаў далей. У другі раз асколкамі былі паранены трое машыністаў, але ніхто не пакінуў свой пост.
У ліпені 1942-га Івана Першукевіча ўзнагародзілі медалём «За працоўную доблесць». У канцы таго ж года ён вёў састаў з палівам і быў атакаваны варожымі самалётамі. З другога захода яны прабілі кацёл цягніка і запалілі дзве цыстэрны. Хутка ліквідаваўшы пашкоджанні, мужныя чыгуначнікі адчапілі палаючыя цыстэрны і адцягнулі іх ад астатніх. Такім чынам змаглі зберагчы груз.

Так сёння выглядае вуліца Першукевіча

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у лістападзе 1943 года Іван Пятровіч атрымаў званне «Герой Сацыялістычнай Працы». У хуткім часе быў узнагаро-
джаны яшчэ і знакам «Ганаровы чыгуначнік». Перамогу сустрэў у Саратаве, куды яго накіравалі на курсы тэхнікаў.
У 1946-м вярнуўся ў Беларусь і быў прызначаны на інжынерную пасаду ва ўпраўленне Брэст-Літоўскай чыгункі. Але праца ў кабінеце была яму не па душы, і ён перайшоў у дэпо Баранавічы, працаваў машыністам-інструктарам. Зноў узначаліў брыгаду цягніка і давёў прабег лакаматыва да 1 мільёна 100 тысяч кіламетраў. Вадзіў саставы да выхаду на пенсію. Тры разы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, чатырохразовы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Памёр ветэран напрыканцы 1980 года.
Напэўна, абсалютная большасць жыхароў маёй вуліцы не ведае, хто ж такі Першукевіч. Таму ёсць прапанова на скрыжаванні з вуліцай Тэльмана ўсталяваць мемарыяльную дошку, прысвечаную славутаму земляку.

Алесь БАКАЧ

Яндекс.Метрика